2013-08-26 12:12:38

У Беларусь упершыню прыбылі рэліквіі св. Яна Боска


RealAudioMP3 “Дай мне душу, а іншае забяры” – гэтыя словы напярэданні змаглі прачытаць усе, хто прыйшоў у архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску сустракаць рэліквіі аднаго з самых вядомых і шанаваных каталіцкіх святых – Яна Боска. Упершыню яго рэліквіі прыбылі ў Беларусь. Дэвіз жыцця святога напісаны на саркафагу, які ні многа ні мала весіць больш за 300 кілаграмаў. Пад шклом – гіпсавая фігура, а ў ёй – самі рэліквіі святога. Для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі – гэта сапраўды гістарычная падзея, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Па-першае, праз любога святога вернікі звяртаюцца да Бога. Па-другое, перегрынацыя рэліквій – магчымасць не толькі фізічна, але і духоўна дакрануцца да спадчыны св. Яна Боска, паразважаць над яго жыццём і думкамі, якія, аказалася, часу не падуладныя, актуальныя і сёння.

“Мы ўспамінаем чалавека свайго часу, які, аднак, быў вышэй за гэты час і яго выклікі. Святар Ян Боска жыў у час тэхнічнай рэвалюцыі, калі людзі выязджалі з вёсак у гарады. Быў складаны час – і беспрацоўе, і крымінал, а ён звярнуў увагу на моладзь, займаўся яе выхаваннем. Бо мы ведаем, якой будзе моладзь, такім будзе і Касцёл, такім будзе грамадства, такім будзе свет. Сёння мы ўсе занепакоены выхаваннем моладзі”, - сказаў іерарх.

Святар, апякун моладзі, заснавальнік вядомага каталіцкага ордэна – салезіянаў. Ян Боска жыў у Італіі ў ХІХ ст., усё жыццё прысвяціў працы з маладымі людзьмі. Ён стварыў нават уласную сістэму выхавання, галоўнае ў якой – адданасць дзецям і абсалютнае выключэнне пакарання. А яшчэ – ён заснаваў араторый, тыпаграфію і семінарыю. Яну Боска не былі чужыя і навінкі часу, ён быццам заглядаў у будучыню, першым са святароў арганізаваў экспазіцыю на тэхнічнай выставе і стаў першым з каталіцкіх святых, які даў інтэрв’ю газеце. У 2015 г. спаўняецца 200 гадоў з моманту нараджэння святога. З гэтай нагоды і адбываецца сусветная перэгрынацыя рэліквій Яна Боска. Пачалася яна ў 2009 г. і пройдзе па 130 краінам, у тым ліку па 14 каталіцкім парафіям Беларусі. Суправаджаюць рэліквіі прадстаўнікі кангрэгацыі салезіянаў.

Кс. Віктар Гайдукевіч, настаяцель супольнсці ў Беларусі, адзначыў, што сустракаць рэліквіі духоўнага айца – і вялікая павага, і вялікая радасць. “Св. Ян Боска прысвяціў усё жыццё моладзі. Ён казаў шмат слоў вельмі важных і сардэчных. “Дастаткова, што вы маладыя, каб я вас любіў”, “Для вас я працую, для вас я жыву, для вас я гатовы аддаць сваё жыццё” – гэтыя кароткія словы сапраўды адлюстроўваюць харызму постаці св. Яна Боска”, - адзначыў святар.

Пасля мінскай архікатэдры рэліквіі адправіліся ў парафію св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы, сёння прыбудуць у пасёлак Бараўляны, адтуль працягнуць сваё падарожжа па краіне да 31 жніўня – праз Багданава, Баруны, Смаргонь, Дзятлава, Наваельню ў Гродна.

“Сапраўды – гэта радасць. З’яўляючыся членам сям’і салезіянскай моладзі, якая выхоўваецца святарамі і сёстрамі салезіянкамі, вельмі радасна дакрануцца і духоўна, і матэрыяльна да нашага айца, апекуна. Св. Ян Боска заўсёды клапаціўся аб выратаванні душы. Разважаючы над яго жыццём, можна паглыбіць сваю веру і давер да Бога менавіта праз постаць Яна Боска”, - сказала Ганна Сямак

“Дай мне душу, астатняе забяры” – гэта быў дэвіз Яна Боска пры жыцці, гэта стала запаветам і для тых, хто шануе святога сёння. Святога, які мог заглядваць не толькі ў будучыню, але і ў сэрцы.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.