2013-08-25 13:09:29

Папа перад “Анёл Панскі”: быць хрысціянамі – не значыць насіць на сабе адпаведную “этыкетку” (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Быць хрысціянамі не азначае насіць на сабе пэўную “этыкетку”, але жыць малітвай, справамі міласэрнасці, чыніць дабро і справядлівасць. На гэта звярнуў увагу папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 25 жніўня. Святы Айцец звярнуўся да вернікаў з кароткім разважаннем прысвечаным нядзельнаму Евангеллю. Ён заклікаў не баяцца прайсці праз “вузкую браму” аб якой казаў Езус, таму што гэтай брамай з’яўляецца Ён сам – той, хто можа перамяніць наша жыццё, падарыць поўную і даўгатрывалую радасць. “Дарагія браты і сёстры, – сказаў Папа – сённяшняе Евангелле запрашае нас паразважаць над тэмай збаўлення. Езус накіроўваўся з Галілеі ў Ерузалем і, як апавядае евангеліст Лука, на шляху нехта ў Яго спытаў: “Пане,няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?” (Лк 13,23). Езус не адказаў прама на гэта пытанне: не абавязкова ведаць колькі людзей збавіцца, але трэба ведаць, якім з’яўляецца шлях збаўлення. І таму, на пытанне Езус адказаў кажучы: “Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць” (Лк 13,24). Што меў на ўвазе Езус? Праз якую браму мы павінны ўвайсці? І чаму Езус казаў пра вузкую браму?

Вобраз брамы шмат разоў сустракаецца ў Евангеллі і нагадвае пра дом, хатні агмень, у якім знойдзем бяспеку, любоў, цяпло. Езус кажа нам, што існуе брама, якая дазваляе увайсці ў сям’ю Божую, у цяпло Божага дома, адзінства з Ім. Гэта брама – сам Езус (пар. Ян 10,9). Ён брама, пераход да збаўлення. Ён вядзе да Айца. Брама, якой з’яўляецца Езус, ніколі не бывае закрытай, яна заўсёды адкрыта для ўсіх, без адметнасцяў, выключэнняў і прывелеяў. Нехта з вас можа спытацца: “Але, ойча, я дакладна выключаны, таму што вялікі грэшнік: рабіў кепскія ўчынкі шмат разоў у жыцці”. Не – ты не выключаны! Менавіта таму вы выбраны – таму што Езус заўсёды аддае перавагу грэшніку. Каб прабачыць яго, любіць... Езус чакае цябе, каб абняць, прабачыць. Не бойцеся: Езус вас чакае! Майце адвагу, каб увайсці ў Яго браму. Усе запрошаны прайсці пра яе, прайсці праз браму веры, увайсці ў Яго жыццё і дапамагчы Яму увайсці ў наша жыццё, каб Ён яго перамяніў, абнавіў, падарыў поўную і доўгатрывалую радасць.

Сёння мы праходзім праз многія брамы, якія запрашаюць увайсці, абяцаючы імгненнае шчасце, якое трывае недоўга, вычэрпывае само сабе і не мае будучыні. Таму я хачу спытаць вас: праз якую браму хочаце прайсці? І каго мы хочам пусціць у браму нашага жыцця? Я хачу цвёрда сказаць: не бойцеся праходзіць праз браму веры ў Езуса, дазволіць Яму ўсё больш уваходзіць у ваша жыццё, не бойцеся выйсці з вашых эгаізмаў, закрытасці, абыякавасці да іншых. Таму што Езус асвятляе наша жыццё святлом, якое не згасне ніколі. Гэта не штучнае святло, не ўспышка: не! Гэта спакойнае святло, якое свеціць заўсёды і дае спакой. Такое святло мы сустракаем, калі ўваходзім у браму Езуса.

Канешне, брама Езуса – вузкая. Не таму што з’яўляецца камерай катаванняў, а таму што просіць нас адкрыць уласныя сэрцы на Яго, прызнаць сябе грэшнікамі, патрабуючымі Яго збаўлення, прабачэння, любові, мець пакору, неабходную, каб прыняць Яго міласэрнасць і дазволіць Яму абнавіць нас. Езус у Евангеллі кажа, што быць хрысціянамі не азначае насіць “этыкетку”, Я пытаюся ў вас: вы хрысціяне толькі па этыкетцы ці ў праўдзе? Няхай кожны з вас адкажа для сябе. Ніколі не будзьце хрысціянамі з этыкеткай, але хрысціянамі сапраўднымі, сардэчнымі. Быць хрысціянамі значыць жыць і сведчыць аб веры ў малітве, праз справы міласэрнасці, спрыяючы справядлівасці і чынячы дабро. Праз вузкую браму, якой з’яўляецца Езус павінна прайсці ўсё наша жыццё.

Папросім Панну Марыю, Браму Нябесную, каб дапамагла нам прайсці праз браму веры, дазволіць каб яе Сын перамяніў наша жыццё, як перамяніў яе, каб несці ўсім радасць збаўлення”.

Пасля марыйнай малітвы Папа прывітаў розныя групы прысутных на плошчы св. Пятра пілігрымаў. Пантыфік нагадаў, што зараз заканчваецца перыяд летняга адпачынку і пажадаў “спакойнага і дзейснага вяртання да нармальнага штодзённага жыцця гледзячы ў будучыню з надзеяй”.








All the contents on this site are copyrighted ©.