2013-08-24 12:16:52

Ватыканскі кардынал звярнуўся да свецкіх кансэкраваных вернікаў


RealAudioMP3 Свецкія кансэкраваныя асобы павінны быць мужчынамі і жанчынамі, якія ідуць на “экзістэнцыяльныя перыферыі”, – адзначыў кардынал Браз дэ Авіс, прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця. Пурпурат прыняў удзел у канферэнцыі прысвечанай свецкім інстытутам кансэкраванага жыцця, якая прайшла па ініцыятыве Канферэнцыі Біскупаў Іспаніі ў Мадрыдзе. Гэтыя інстытуты з’яўляюцца аб’яднаннямі зацверджанымі касцёльнымі ўладамі. Іх члены прысвячаюць сваё жыццё Богу праз публічнае складанне евангельскіх шлюбаў: беднасці, паслухмянасці і чысціні. Аднак, у адрозненні ад членаў манаскіх супольнасцяў, яны не жывуць супольна.

Змест прамовы прадстаўніка Апостальскай Сталіцы да ўдзельнікаў іспанскага форума прыводзіць сённяшняе “L’Osservatore Romano”. У ёй кардынал Браз дэ Авіс засяродзіўся на трох паняццях: сустрэча, збаўленне і надзея.

“Хрысціяне павінны быць людзьмі сустрэчы”, – сказаў ён. “Асаблівасць вашага паклікання заключаецца ў тым, што вы незаўважныя і не маеце місіі тыповай для законнікаў ці рухаў. Вобразам вашай асаблівай формы кансэкрацыі з’яўляецца соль, якая распушчаецца і надае смак, або дрожжы – якія знікаюць умацоўваючы цеста”, - сказаў пурпурат. Ён нагадаў, што пакліканне кансэкраваных вернікаў: быць сярод іншых без знешніх адметнасцяў, каб не ствараць дыстанцыі, якая можа аддаліць; быць побач з іншымі, каб дапамагаць у пошуку адказаў на маленькія і вялікія выклікі нашага часу. Пурпурат падкрэсліў: важна захоўваць свядомасць, што мэта кансэкраваных – жыццё для іншых.

Кардынал дэ Авіс нагадаў таксама, пра неабходнасць абвяшчаць навіну аб міласэрнасці Бога, аб тым, што Ён збаўляе: не забівае, не асуджае, а толькі любіць. Паводле іерарха часта прычынай закрытасці на любоў Бога з’яўляецца перакананасць у тым, што Бог любіць толькі дасканалых і толькі паводле нашых заслугаў. “У глыбіні мы не прымаем нашага вымярэнне стварэння, якое неабходна, каб мець патрэбу ў Богу і такім чынам у іншых”, – сказаў ён.

Яшчэ адным заданнем кансэкраваных вернікаў кардынал дэ Авіс назваў “прабуджэнне надзеі” у сучасніках, асабліва важнае ў актуальным свеце поўным няўпэўненасці, недаверу і адчаю. Паводле пурпурата сёння для свету фундаментальна важная надзея, пра якую сведчаць хрысціяне.








All the contents on this site are copyrighted ©.