2013-08-23 09:53:23

Ватыкан: эксперты абмяркуюць як змагацца з гандлем людзьмі і рабствам


RealAudioMP3 Феномен рабства і гандлю людзьмі будзе абмеркаваны 2-3 лістапада ў Ватыкане. Папская Акадэмія навук і Папская Акадэмія сацыяльных навук, у супрацоўніцтве з Сусветнай федэрацыяй каталіцкіх медыцынскіх асацыяцый, прааналізуюць сітуацыю з гэтай трагічнай з’явай і паспрабуюць выпрацаваць план барацьбы з ёй. Цікавасць да феномену сучаснага рабства стала павялічвацца ў 2000 г., што было звязана з пашырэннем працэсаў глабалізацыі. Паводле Міжнароднай арганізацыі працы за перыяд з 2002 г. па 2010 г. ахвярамі прымусовай працы сталі 20,9 млн. чалавек. Галоўным чынам яны былі задзейнічаны ў вытворчасці ці падвяргаліся сексуальнаму выкарыстанню. Даследчыкі сцвярджаюць, што кожны год каля 2 млн. людзей становяцца ахвярамі сексуальнага рабства, з іх 60% – дзяўчыны.

Ахвярамі гандлю чалавечымі органамі кожны год становіцца каля 20 тыс. чалавек. У іх, нелегальным шляхам, вымаюцца галоўным чынам такія органы як печань, ныркі, падстраўнікавая жалеза, рагавіца, лёгкія і нават сэрца. “Але гэтыя лічбы з’яўляюцца толькі вяршыняй айсбергу, таму што злачынцы робяць усё магчымае, каб схаваць сваю дзейнасць”, - гаворыцца ў адпаведнай справаздачы Міжнароднай арганізацыі працы за 2012 г.

Канцлер Папскай акадэміі навук, аргентынскі біскуп Марсэла Санчэс Саронда, у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё расказаў, што паводле некаторых даследчыкаў, праз некалькі гадоў, гандль людзьмі перавысіць па сваіх аб’ёмах гандль зброяй і наркотыкамі, стаўшы самым прыбытковым відам крымінальнай дзейнасці. Ён падкрэсліў, што папа Францішак некалькі разоў звяртаў асаблівую увагу міжнароднай супольнасці на глыбіню гэтай балючай сацыяльнай драмы сучаснасці і таму канферэнцыя, якая пройдзе ў Ватыкане, будзе менавіта плёнам яго ініцыятывы.








All the contents on this site are copyrighted ©.