2013-08-22 15:45:37

Ватыканскі дыпламат пра сітуацыю ў Сірыі: “так” – дыялогу і “не” вайсковаму ўмяшальніцтву


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Сільвана Тамазі перакананны, што для вырашэння канфлікту ў Сірыі перш за ўсё неабходна спыніць насілле. Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе нагадаў словы папы Францішка пра тое, што насілле не вядзе да вырашэння сітуацыі. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё дыпламат выказаў пажаданне, каб прадстаўнікі розных кампанентаў сірыйскага грамадства сабраліся разам і абмеркавалі сітуацыю. Вынікам такіх перамоваў, на яго думку, можа быць стварэнне арганізма накшталт пераходнага ўраду. Каб дасягнуць гэтай мэты, трэба, каб былі па-сапраўднаму прадстаўлены ўсе канфліктуючыя бакі. “Я думаю, што такое намаганне абсалютна неабходнае, каб спыніць насілле”, - сказаў ён. Іншай прапановай дыпламата было спыненне паставак зброі ў Сірыю – як апазіцыі так і ўраду. “Канешне, мір не ствараецца, нясучы новую зброю гэтаму народу”, – адзначыў арцыбіскуп Тамазі.

Прадстаўнік Святога Пасаду падкрэсліў, што ў пошуку вырашэння сітуацыі ў Сірыі неабходна ўлічваць агульную сітуацыю на Блізкім Усходзе, а не засяроджвацца на некаторых частках тамашніх рэалій. “Я маю ўражанне, што друк і вялікія СМІ не лічацца з усімі аспектамі, якія ствараюць гэту сітуацыю насілля і працяглага канфлікту”, - сказаў ён і адзначыў, што ў дадзеным кантэксце нельга падтрымліваць толькі адну групу, неабходна стварыць умовы, каб розныя рэлігійныя, этнічныя, палітычныя ідэнтычнасці развіваліся ў кантэксце дыялога.

Каментуючы магчымасць вайсковага ўмяшальніцтва ў сірыйскі канфлікт арцыбіскуп Тамазі адзначыў, што досвед Ірака і Афганістана, паказаў неканструктыўнасць такога рашэння. “Застаецца дзейсным прынцып: з вайной губляецца ўсё”, - сказаў дыпламат.








All the contents on this site are copyrighted ©.