Папа перад “Анёл Панскі”: вера – не дэкаратыўная рэч (поўны тэкст)
Заўсёды глядзець на
Езуса і ісці за Ім, нават калі гэта нам шмат чаго каштуе, заклікаў папа Францішак
вернікаў, якія 18 жніўня сабраліся на плошчы св. Пятра, каб разам з ім памаліцца “Анёл
Панскі”. Па-традыцыі, Святы Айцец звярнуўся да сабраных з кароткім разважаннем, у
якім патлумачыў сэнс сённяшніх літургічных чытанняў, у прыватнасці словаў Хрыста:
“Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, не спакой, але раздзяленне”.
“Дарагія браты і сёстры, – прывітаў вернікаў Папа – У сённяшняй літургіі мы пачулі
словы з Паслання да Габрэяў: “Маючы вакол сябе безліч сведкаў, скінем з сябе ўсялякі
цяжар і грэх, які лёгка аблытвае нас, і будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас
змаганні, гледзячы на Езуса, пачынальніка і завяршальніка веры” (Гбр 12,1-2). Гэтыя
словы мы павінны асаблівым чынам падкрэсліць у кантэксце Года веры. Будзем таксама
і мы, падчас гэтага году, трымаць позірк на Езусе, таму што вера, якая з’яўляецца
нашым “так” сыноўскім адносінам з Богам, паходзіць ад Яго: Ён адзіны пасярэднік у
гэтых адносінах паміж намі і нашым Айцом, які ёсць у Небе. Езус гэта Сын, а мы сыны
ў Ім.
Слова Божае на гэту нядзелю ўтрымлівае таксама і іншае выказванне Езуса,
якое нас здзіўляе і патрабуе тлумачэння, бо інакш можа парадзіць непаразуменні. Езус
кажа вучням: “Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, не спакой, але
раздзяленне” (Лк 12,51). Што значыць гэта? Гэта азначае, што вера не з’яўляецца дэкаратыўнай,
арнаментальнай рэччу; жыць верай не азначае упрыгожыць жыццё невялікай колькасцю рэлігіі,
як торт, які ўпрыгожваецца крэмам. Не! Вера не такая! Яна заключаецца ў выбары Бога
ў якасці базавага жыццёвага крытэрыя. Бог – гэта не пустка, Ён не нетральны. Бог заўсёды
пазітыўны, Бог – гэта любоў, а любоў заўсёды пазітыўная! Пасля таго, як Езус прыйшоў
у свет, больш нельга жыць так, нібыта Бога не ведаем, нібыта ён пустка, абстрактнасць,
выключна намінальная спасылка. Не! Бог мае канкрэтнае аблічча, мае імя: Бог – гэта
міласэрнасць, вернасць, жыццё, якое дорыцца ўсім нам. Таму Езус кажа: я прыйшоў, каб
прынесці раздзяленне; гэта не значыць, што Ён прыйшоў, каб раздзяліць людзей паміж
імі, а наадварот: Езус – гэта наш спакой, прымірэнне. Але гэта не спакой могілак!
Гэты спакой не нейтральнасць, не кампраміс любым коштам. Ісці за Езусам азначае адмаўляцца
ад зла, эгаізма і выбіраць дабро, праўду, справядлівасць, нават калі гэта патрабуе
ахвяры і адмаўлення ад уласных інтэрэсаў. І гэта дзеліць, мы ведаем, дзеліць нават
самыя моцныя сувязі. Але увага: гэта не Езус дзеліць! Ён дае крытэрый: жыць для саміх
сябе ці жыць для Бога і іншых; прымушаць да служэння ці служыць, падпарадкоўвацца
ўласнаму “я” ці Богу. Вось у якім сэнсе Езус з’яўляецца “знакам якому супраціўляцца
будуць” (Лк 2,34).
Такім чынам гэта слоава Евангелля не дае дазволу на выкарыстанне
сілы для абароны веры. Менавіта наадварот: сапраўдная сіла хрысціяніна – гэта сіла
праўды і любові, якая вядзе да адмаўлення ад насілля. Вера і насілле – несумяшчальныя!
Вера і насілле несумяшчальныя! А вось вера і сіла ідуць побач! Хрысціянін не гвалтоўны,
а моцны. А якой моцай? Моцай пакоры. Сілай пакоры і любові.
Дарагія сябры,
таксама сярод блізкіх Езус былі некаторыя, якія ў пэўнай меры не падзялялі Яго спосабу
жыцця і прапаведвання, пра што нам кажа Евангелле (пар. Мк 3,20-21). А вось Яго Маці
ішла за Ім верна, трымаючы позірк свайго сэрца на Езусе, Сыне Найвышэйшага і Яго таямніцы.
Нарэшце, таксама дзякуючы веры Марыі, блізкія Езуса сталі часткай першая хрысціянскай
супольнасці (пар Дз 1,14). Папросім Марыю, каб дапамагла нам глядзець на Езуса і заўсёды
ісці за Ім, нават калі гэта каштуе нам шмат”.
Пасля марыйнай малітвы Святы
Айцец папрасіў вернікаў аб малітве за ахвяраў трагедыі, якая здарылася 16 жніўня на
Філіпінах, дзе ў выніку сутыкнення марскіх суднаў загінула вялікая колькасць людзей,
а таксама за мір у Егіпце.