2013-08-16 14:38:52

Кардынал: рэформа Рымскай курыі будзе сур’ёзнай


RealAudioMP3 “Рэформа Рымскай курыі адбудзецца і яна будзе сур’ёзнай”, – перакананы кардынал Марк Уэлле, прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў. 15 жніўня пурпурат удзельнічаў ва ўрачыстасцях у марыйным санктуарыі Рокамадур у Францыі. У рамках свайго візіту ў гэту краіну ён паразмаўляў з журналістамі, з якімі падзяліўся сваімі думкамі адносна апошніх падзей у жыцці Каталіцкага Касцёла. Паводле кардынала Уэлле, Папа ўжо рэфармуе Касцёл спосабам свайго жыцця. “Тут гаворка не ідзе пра новыя ідэі, але пра тое, што ў яго каментарах заўсёды прысутнічаюць заўвагі, якія скіроўваюць кожнага да разважання”, - сказаў ён. Пурпурат адзначыў, што група з васьмі кардыналаў, пакліканая дапамагчы Святому Айцу ў рэфармаванні Рымскай курыі, збярэцца напачатку верасня. Яны абмяркуюць прапановы, якія паступілі “звонку” гэтага арганізма Каталіцкага Касцёла, а таксама з самой курыі, ад людзей “якія ведаюць яе механізмы і гісторыю”. Паводле кардынала Уэлле, Францішку будзе лягчэй прафодзіць змены, таму што ён “паходзіць здалёк” і “нічым не звязаны”.

Ватыканскі кардынал лічыць Святога Айца “вялікім благаслаўленнем для Касцёла”. Ён падкрэсліў яго здольнасць устанаўліваць прамы кантакт з простымі вернікамі, “што аднак не заўсёды знаходзіць разумення ў Рымскай курыі”.

Кардынал Уэлле расказаў, што многіх занепакоіла адсутнасць Пантыфіка на канцэрце з нагоды Году веры, які адбыўся некалькі тыдняў таму. Пурпурат патлумачыў, што ў той час у Рыме знаходзілася вялікая колькасць нунцыяў, якія абмяркоўвалі важныя і складаныя справы. Папа вельмі жадаў з імі паразмаўляць і таму быў вымушаны не пайсці на канцэрт. “Але да гэтага не трэба адносіцца негатыўна. Ён мае свой уласны стыль”, - падкрэсліў канадскі кардынал.








All the contents on this site are copyrighted ©.