Францішак: Марыя – першая з адкупленых, першая з Хрыстовых
15 жніўня, ва ўрачыстасць
Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, папа Францішак узначаліў Эўхарыстыю на плошчы
перад Апостальскім палацам у Кастэль-Гандольфа, горадзе ў 40 км ад Рыму, на тэрыторыі
якога знаходзіцца летняя рэзідэнцыя Рымскіх Пантыфікаў. Папа прыбыў сюды з Ватыкана
на аўтамабіле. На плошчы перад Апостальскім палацам сабралася больш за 10 тыс. вернікаў,
каб разам са Святым Айцом прыняць удзел у Эўхарыстыі. У сваёй гаміліі Папа засяродзіўся
на трох паняццях: барацьбе, уваскрасенні і надзеі. Менавіта ў іх, паводле Святога
Айца, абагульняецца галоўнае пасланне літургічных тэкстаў, якія гучалі падчас св.
Імшы. Францішак падкрэсліў, што ў чытанні з кнігі Апакаліпсіса, гаворка ішла пра барацьбу
жанчыны з драконам. “Вобраз жанчыны, які прадстаўляе сабой Касцёл, з аднаго боку хвалебны,
трыумфуючы, а з іншага яшчэ пакутуючы. Так і з Касцёлам: калі на Небе, ён ужо знітаваны
з хвалой Пана, то ў гісторыі працягвае перажываць выпрабаванні і выклікі – наступствы
канфлікту паміж Богам і злым, пастаянным ворагам”, - сказаў Папа. Паводле яго, у гэтай
барацьбе прымаюць удзел таксама і вучні Хрыста, якіх Марыя ніколі не пакідае ў адзіноце:
яна хоць і ўвайшла ў хвалу Пана, “але гэта не азначае, што аддалілася” ад нас. “Марыя
нас суправаджае, змагаецца побач з намі, падтрымлівае хрысціян ў барацьбе з сіламі
зла”, - адзначыў Святы Айцец. Ён дадаў, што ў гэтым кантэксце важнае значэнне мае
ружанцовая малітва, якая дапамагае ў барацьбе са злым і яго справамі.
Каментуючы
другое чытанне, Папа нагадаў, што быць хрысціянінам азначае верыць ва ўваскрасенне
Хрыста. “Уся наша вера грунтуецца на гэтай фундаментальнай праўдзе, якая з’яўляецца
падзеяй, а не ідэяй”, - сказаў Папа. Ён патлумачыў, што Унебаўзяцце Панны Марыі звязана
з мукамі і ўваскрасеннем Езуса. “Таксама і Марыя зведала крыжовыя пакуты: муку сардэчную
і духоўную. Яна шмат пакутавала ў сваім сэрцы, у той час як Езус пакутаваў на крыжы.
Яна перажыла пакуты Сына да самай глыбіні сваёй душы. Яна была цалкам паяднанай з
Ім у смерці, і таму ёй быў дадзены дар уваскрасення. Хрыстус – гэта першы сярод уваскрослых,
а Марыя – першая з адкупленых, першая “з тых, хто Хрыстовыя”. Яна наша Маці, але можам
таксама сказаць што і наша прадстаўніца, наша сястра, наша першыя сястра, першая з
адкупленых, якая узыйшла на Неба”, - сказаў Папа.
Кажучы пра трэццяе фундаментальнае
паняцце – надзею, Святы Айцец адзначыў, што яна з’яўляецца цнотай тых, хто перажывае
канфлікт, штодзённую барацьбу паміж жыццём і смерцю, дабром і злом, тых, хто верыць
ва ўваскрасенне Хрыста, перамогу Любові. Папа падкрэсліў, што марыйны спеў “Магніфікат”
– гэта спеў надзеі, спеў народу Божага і святых, вядомых і невядомых: “маці, татаў,
катэхетаў, місіянераў, святароў, законніц, моладзі, нават дзяцей, якія адказваюць
на жыццёвую барацьбу несучы ў сэрцы надзею малых і пакорных”. “Велічае душа мая Пана”,
- спявае сёння Касцёл ва ўсім свеце”, - сказаў Папа і заклікаў усіх вернікаў далучыцца
да гэтага спеву цярпення і перамогі, барацьбы і радасці.