2013-08-14 13:53:37

Францішак да аргентынцаў: баюся тых, хто думае, што ўсё ведае


RealAudioMP3 “Крочыць, станавіцца вучнямі і абвяшчаць” – так папа Францішак апісаў абавязкі добрага хрысціяніна. Святы Айцец скіраваў пасланне з нагоды 50-годдзя стварэння аргентынскай дыяцэзіі Кансэпсіён. У сваім звароце на імя біскупа Жазэ Марыя Росі, Пантыфік нагадаў, як шмат гадоў таму, яшчэ будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, праводзіў духоўныя практыкаванні для святароў гэтай дыяцэзіі, таму зараз хоча “адкрыць сэрца на ўсіх вернікаў (...), каб паяднацца з кожным у гэтым святкаванні”. Гаворачы пра сваё прадстаўленне аб добрых хрысціянах Святы Айцец адзначыў, што іх можна ахарактарызаваць з дапамогай трох слоў: “крочыць, станавіцца вучнямі і абвяшчаць”. “Вы ведаеце, што я баюся ціхіх хрыціян. Яны заканчваюць тым, што становяцца як талая вада”, - адзначыў Пантыфік. Таксама Папа падзяліўся, што “баіцца тых, хто думае, што ведае ўсё, педантаў”. Паводле Святога Айца, такія людзі часта закрываюць сваё сэрца перад Панам і канцэнтруюцца толькі на ўласным жыцці. “Можна іх назваць хрысціянамі для саміх сябе”, - падкрэсліў Францішак.

Пантыфік адзначыў, што калі чалавек сустракае Езуса, перажывае момант здзіўлення і адчувае патрэбу шукаць Яго ў малітве, чытанні Евангелля. “Адчувае патрэбу пакланяцца Яму, пазнаваць... і нарэшце, абвяшчаць”. “Вось трэццяе слова – абвяшчаць. Яно азначае быць вучнямі, несці братам імя, навучанне і жэсты Езуса. Такім чынам хрысціянін крочыць, перамяняецца ў вучня і абвяшчае. Не спыняецца. Выходзіць па-за самаго сябе, каб абвяшчаць братам Добрую навіну Езуса”, - падкрэсліў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.