2013-08-13 13:49:05

Святы Айцец сустрэўся з італьянскімі і аргентынскімі футбалістамі


RealAudioMP3 Пантыфік сустрэўся 13 жніўня з італьянскімі і аргентынскімі футбалістамі. 14 жніўня на Алімпійскім стадыёне ў Рыме у 20.45 яны згуляюць таварыскі матч, які стане данінай для вядомага сваім запалам да футбола папы Францішка. Вітаючы футбалістаў у Клементыйскай зале Апостальскага палаца, па-італьянску і іспанску, Святы Айцец жартам сказаў, што падчас гэтага матчу яму будзе цяжка балець толькі за адну з каманд. Ён нагадаў, што гэта будзе таварыскі матч і папрасіў, каб ён адбываўся сапраўды ў сяброўскай атмасферы. Ён адзначыў, што ў спорце можна заўважыць шмат вельмі каштоўных рысаў: прыгажосць, шчодрасць, таварыскія адносіны. Папа заахвоціў, каб нягледзячы на тое, што некаторыя віды спорту сталі вялікім бізнесам, занятыя ў гэтай сферы пастаянна працавалі, каб захаваць іх спартыўны характар, які на самой справе адзначаецца бескарыслівасцю.

Францішак назваў футбалістаў “прыкладам” і “кропкай адліку” для многіх людзей, асабліва маладых. Папа лічыць, што сваімі паводзінамі і гульнёй яны могуць падтрымаць у моладзі самыя важныя жыццёвыя каштоўнасці. “Людзі глядзяць на вас. Скарыстайцеся магчымасцю, каб сеяць добрае”, - заклікаў Святы Айцец і дадаў, што для многіх людзей, якія глядзяць на футбалістаў з захапленнем, яны “з’яўляюцца мадэллю да лепшага ці да горшага”. Ён папрасіў не забывацца пра гэта і “даць прыклад адданасці, павагі і альтруізму”. “Я веру ў тое добрае, якое вы ўсе можаце зрабіць для маладых людзей”, - сказаў Папа італьянскім і аргентынскім спартсменам.

У заключэнні сваёй прамовы Святы Айцец сказаў, што футбалісты – гэта перш за ўсё людзі, са сваімі вартасцямі і слабасцямі, з сэрцам і ідэямі, спадзяваннямі і праблемамі. “Такім чынам, хоць вы і знакамітасці, заўсёды заставайцеся людзьмі ў спорце і ў жыцці. Людзьмі, якія нясуць гуманізм”, - заклікаў Францішак.

Святы Айцец паабяцаў двум камандам сваю малітву за ўсіх спартсменаў. Развітваючыся з імі таксама папрасіў маліцца за яго, каб “на полі, на якім Бог паставіў яго”, ён мог згуляць сумленны і мужны матч, на карысць усіх нас.







All the contents on this site are copyrighted ©.