2013-08-13 15:24:52

Папа прысвеціць свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі


RealAudioMP3 У кастрычніку папа Францішак прысвеціць свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі. З гэтай нагоды ў Ватыкан прыбудзе статуя Маці Божай Ружанцовай з Капліцы аб’яўленняў у марыйным санктуарыі ў Фаціме. Падставай будзе Марыйны дзень у рамках “Года веры”, які будзе адзначацца 12 і 13 кастрычніка 2013 г. На заканчэнне, у нядзелю 13 кастрычніка, у 96-годдзе аб’яўленняў у Фаціме, Святы Айцец прамовіць малітву прысвячэння свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Прасіла аб гэтым сама Маці Божая ў 1917 г. у Фаціме, і ў першы раз гэта зрабіў папа Пій XII ў 1942 г.

Арганізатарам Марыйнага дня, аднаго з мерапрыемстваў “Года веры”, з’яўляецца Папская рада па новай евангелізацыі. У Ватыкан прыбудуць члены некалькіх сот рэлігійных рухаў і арганізацый, звязаных з марыйнай пабожнасцю. 12 кастрычнік запланавана іх пілігрымка да магілы св. Пятра ў ватыканскай базыліцы, а на наступны дзень – св. Імша з удзелам Пантыфіка на плошчы св. Пятра.

У Святога Айца ёсць моцнае жаданне, каб спецыяльным сімвалам Марыйнага дня быў адзін з самых важных для хрысціян ва ўсім свеце вобразаў Марыі, прызнаўся старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела. Па гэтай прычыне было вырашана, што ў Рым прыбудзе фігура Маці Божай Фацімскай.

Статуя пакіне санктуарый 12 кастрычніка ў першай палове дня і вернецца туды на наступны дзень вечарам. У Капліцы аб’яўленняў яе заменіць адна з першых фігур, якія пілігрымавалі па свеце. З 2003 г. яна захоўваецца ў базыліцы Маці Божай Ружанцовай у Фаціме. У 96-ю гадавіну аб’яўленняў 12 і 13 кастрычніка ўрачыстасці ў Фаціме ўзначаліць Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, кардынал Тарчызіо Бэртонэ.







All the contents on this site are copyrighted ©.