2013-08-11 10:35:19

Папа ў 1025-годдзе хросту Кіеўскай Русі заклікаў украінцаў да духоўнага адзінства


RealAudioMP3 Да большага духоўнага адзінства павінен заахвоціць епіскапат, духавенства і вернікаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы папскі легат на ўрачыстасці 1025-годдзе хросту Кіеўскай Русі. Яны будуць праходзіць у Кіеве праз тыдзень, 17 і 18 жніўня. Па просьбе архіепіскапа Кіеўска-Галіцкага Святаслава Шаўчука, папа Францішак накіраваў на святкаванні свайго асабістага прадстаўніка, кардынала Аўдрыса Бачкіса, арцыбіскупа Віленскага на пенсіі.

Кіеўскія святкаванні “даюць магчымасць для радасці не толькі епіскапам і вернікам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, але і іх братам лацінскага абраду” – напісаў Пантыфік у лісце аб прызначэнні свайго легата. Ён звярнуў ўвагу на тое, што гэта “адзін і той жа Дух дае ўсім шчодрыя дары, здзяйсняючы выдатныя справы”. Таму літоўскі кардынал павінен заахвоціць усіх удзельнікаў, каб аб’яднанымі сіламі ахвотна абвяшчалі Евангелле. Павінны рабіць гэта “у адзін голас”, падкрэсліў Святы Айцец у спецыяльным лісце да кардынала Бачкіса.

У рамках святкавання гадавіны Хросту Русі, запланаваных праз тыдзень у Кіеве, будзе пасвечаны нядаўна пабудаваны Грэка-Каталіцкі катэдральны сабор Уваскрасення Пана. Удзел возьмуць грэка-каталіцкія епіскапы з усяго свету. Яны збяруцца ва ўкраінскай сталіцы 12 жніўня на штогадовым сінодзе Царквы, які на гэты раз будзе прысвечаны новай евангелізацыі.

Падчас святкавання 17 і 18 жніўня на плошчы перад грэка-каталіцкім саборам у Кіеве валанцёры ўкраінскай “Caritas” будуць распаўсюджваць спецыяльныя свечкі, зробленыя маладымі інвалідамі. Ахвяры будуць выкарыстаны, каб дапамагчы дзецям, моладзі і сем’ям у цяжкай сітуацыі ў розных кутках Украіны, прычым, незалежна ад іх рэлігійнай ці этнічнай прыналежнасці.

Хрост Кіеўскай Русі 1025 гадоў таму адбыўся ў часы непадзеленага Касцёла. У цяперашні час розныя групы вернікаў святкуюць гадавіну асобна. Пасля ліпеньскага праваслаўнага святкавання на бягучы месяц запланавана цэлая серыя юбілейных урачыстасцяў. 4 жніўня на пагорку св. Уладзіміра ў Кіеве адбыліся рыма-каталіцкія святкаванні. У іх прыняў удзел таксама сакратар сінода Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы епіскап Багдан Дзюрах, які з гэтай нагоды выказаў надзею на актыўны ўдзел духавенства і вернікаў лацінскага абраду ў запланаванай праз тыдзень грэка-каталіцкай цырымоніі. 9 жніўня ў Кіеве адбылася навуковая тэалагічная канферэнцыя і канцэрт, арганізаваны з нагоды гадавіны хросту Кіеўскай Русі пратэстанцкімі супольнасцямі Украіны.







All the contents on this site are copyrighted ©.