2013-08-10 09:50:39

Святы Пасад пачаў рыхтавацца да наступных Сусветных дзён моладзі


RealAudioMP3 Менш чым праз два тыдні пасля заканчэння Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра ў Святым Пасадзе пачалася падрыхтоўка да наступнага моладзевага форуму, які адбудзецца праз 3 гады ў Кракаве. Аб гэтым паведаміў у інтэрв’ю ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano” 9 жніўня біскуп Ёзэф Клеменс. Ён з’яўляецца сакратаром Папскай рады па справах свецкіх, якая арганізуе Сусветныя дні моладзі. Нямецкі іерарх выконвае гэту функцыю ўжо на працягу 10 гадоў і неаднаразова прымаў непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы міжнародных моладзевых сустрэч.

Па-першае, гаворка ідзе пра стварэнне праграмы духоўнай падрыхтоўкі, якая раскладваецца на тры гады, што аддзяляюць нас ад 2016 г., сказаў біскуп Клеменс. Далей, трэба стварыць мясцовы аргкамітэт у Польшчы. У наступным годзе, у Пальмовую нядзелю, 20 красавіка, маладыя бразільцы перададуць сваім польскім калегам крыж Сусветных дзён моладзі і абраз Маці Божай “Salus Populi Romani”. Ватыканскі іерарх перакананы, што кананізацыя Яна Паўла II дасць новы імпульс для падрыхтоўкі моладзевага форуму. Мерапрыемства павінна будзе мець адмысловы характар менавіта таму, што яно пройдзе “дома” у “бліскучага ініцыятара” свята веры моладзі, як называў Яна Паўла ІІ яго наступнік на Пасадзе св. Пятра, Бэнэдыкт XVI.

28 ліпеня 2013 г. у Рыа-дэ-Жанейра стала вядома, што для правядзення наступных Сусветных дзён моладзі быў абраны польскі Кракаў. Кардынал Станіслаў Дзівіш, арцыбіскуп Кракаўскі, на працягу апошняга года намагаўся правесці моладзевы форум на радзіме Яна Паўла ІІ, бо лічыць, што гэта ініцыятыва нарадзілася менавіта падчас “кракаўскага перыяду” служэння благаслаўлёнага Пантыфіка.







All the contents on this site are copyrighted ©.