Новы пасол хоча пашырыць узаемаразуменне паміж ЗША і Святым Пасадам
Новы пасол Злучаных
Штатаў пры Святым Пасадзе ўсведамляе, што пазіцыя адміністрацыі Абамы відавочна адрозніваецца
ад пазіцыі Апостальскай Сталіцы па шматлікіх пытаннях, але ён упэўнены, што трэба
“знайсці ў сабе сілы для супрацоўніцтва” і пошуку тых сфер, дзе інтарэсы супадаюць.
“Рэальна змяніць сітуацыю”, - лічыць новы пасол. Амерыканскі Сенат 1 жніўня зацвердзіў
кандыдатуру Кэна Хакета на пасадзе пасла ЗША пры Святым Пасадзе. Дыпламат на працягу
40 гадоў працаваў у “Catholic Relief Service” (амерыканскім аналагу “Caritas”), і
на працягу 9 гадоў кіраваў арганізацыяй. З 1996 г. па 2011 г. ён быў членам Папскай
рады “Cor Unum”.
На думку Хакета амерыканцы падтрымліваюць пазіцыю папы Францішка
па змене адносін свету да праблемы беднасці і сацыяльнай несправядлівасці. Заклапочанасць
і спачуванне да бедных, годнасць і святасць асобы, гэта блізкія для грамадства Злучаных
Штатаў рэчы, лічыць ён. Дыпламат дадаў, што яго праца ў савеце карпарацыі “Millennium
Challenge”, якая была створана амерыканскім кіраўніцтвам для працы з самымі беднымі
ў свеце краінамі, дала яму “адмысловы погляд” на праблемы, якія стаяць перад такімі
краінамі.
Пасол упэўнены, што дыпламатычныя абавязкі не перашкодзяць яму ўтрымліваць
кантакт са шматлікімі беднымі людзьмі з розных краін свету, з якімі ён пазнаёміўся
падчас сваёй працы ў каталіцкай дабрачыннай арганізацыі. “Я хачу аднавіць гэтыя адносіны
і выкарыстаць іх, каб палепшыць палітыку ЗША”, - сказаў Хакет амерыканскай “CNS”.