2013-08-10 12:50:35

Ватыканскі кардынал у Нагасакі: нежаданне дараваць – першы крок да насілля


RealAudioMP3 У 68-ю гадавіну атамнай бамбардзіроўкі Нагасакі за яе ахвяр маліўся ў японскім горадзе кардынал Пітэр Тарксан. Мір з’яўляецца плёнам ўзаемадзеяння паміж Богам і чалавекам, сказаў ён 9 жніўня падчас св. Імшы з японскімі біскупамі. Старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax” асудзіў вайну і насілле і заклікаў заўсёды згодна з Евангельскімі ідэаламі імкнуцца да мірнага ўрэгулявання канфліктаў. Нежаданне дараваць кардынал назваў першым крокам на шляху да насілля. Бог даруе кожнаму і патрабуе ад чалавека пакаяння і пакоры, сказаў іерарх.

Падчас атамных бамбардзіровак 6 і 9 жніўня 1945 г., паводле ацэнак, 100 тыс. чалавек загінулі ў Хірасіме і 80 тыс. у Нагасакі. Дзясяткі тысяч усё жыццё цярпелі і далей церпяць ад наступстваў атамных удараў. Ян Павел II наведаў Японію ў 1981 г., дзе асудзіў жахі і бессэнсоўнасць вайны і заклікаў свет да міру.

Эўхарыстыяй у Нагасакі кардынал Тарксан закончыў свой візіт у Японію, які пачаўся ў панядзелак. Кардынал наведаў абодва пацярпелыя ад бамбардзіровак гарады, дзе ўдзельнічаў у міжрэлігійных сустрэчах.

Сусветная рада Цэркваў у сувязі з гадавінай трагедыі ў Хірасіме і Нагасакі таксама заклікала да канчатковага ядзернага раззбраення. “Бог, Які ёсць Жыццём, заклікае, каб усе пачулі крыкі тых, хто выжыў, і ясна засведчылі, што такія бамбардзіроўкі, якія адбыліся ў Хірасіме і Нагасакі, больш ніколі не паўтарацца”, - гаворыцца ў заяве генеральнага сакратара Сусветнай рады Олафа Фіксэ Твэйта. З улікам апошніх тэндэнцый да абнаўлення ядзернага ўзбраення ў некаторых краінах неабходна глабальная мабілізацыя сіл супраць сістэм ядзернай зброі, напісаў Твэйт.







All the contents on this site are copyrighted ©.