2013-08-09 11:03:40

Італьянскія мусульмане падзякавалі Папе за яго пасланне


RealAudioMP3 Італьянскія мусульмане адказалі на асабістае пасланне Папы да вызнаўцаў ісламу, якія святкуюць заканчэнне Рамадану. Яго тэмай было садзейнічанне ўзаемнай павазе праз адукацыю, якая з’яўляецца асновай да ўзаемаразумення. Святы Айцец заклікаў у прыватнасці паважаць іншыя рэлігіі, іх вучэнне, сімвалы, каштоўнасці, рэлігійных лідэраў і месцы культу. Старшыня Саюза ісламскіх супольнасцяў у Італіі Ізэдзін Эльзір у сваім адказе Пантыфіку патлумачыў, што месяц посту і малітвы спрыяе маральнаму і духоўнаму ўдасканаленню мільёнаў мусульман, якія разумеюць, што яны ўвесь час стаяць перад Богам. Ён дадаў, што гэта глыбокая ўнутраная рэформа прыводзіць да выканання, у адпаведнасці з магчымасцямі кожнага, абавязку рабіць дабро і распаўсюджваць справядлівасць.

Закранаючы тэму папскага паслання, Эльзір адзначыў, што яно цесна звязана з ісламскай дактрынай і традыцыяй. “Не выпадкова аб’яўленне, сведкамі якога мы маем гонар і абавязак быць у нашым жыцці, пачынаецца са значнага імператыву: “Чытай: У імя твайго Пана...”, а імем Алаха ёсць “Rabb”, якое ўтрымлівае корань ​​адукацыі і выхавання”, - адзначыў мусульманскі лідэр Італіі. Ён падкрэсліў, што адукацыя і павага, у спалучэнні з дабрынёй, што і прапануе Папа, “павінны стаць часткай нашай паўсядзённай практыкі”.

Эльзір адзначыў, што рэлігія часта становіцца падставай для агрэсіўнага блюзнерства, з-за чаго вернікі нявінна пакутуюць. Ісламская супольнасць у Італіі, аднак, імкнецца да дыялогу і пошуку агульнай для ўсіх этыкі. “У гэтым духу” ісламскі лідэр падзякаваў Папе за пасланне, якое Францішак пажадаў падпісаць сёлета асабіста.







All the contents on this site are copyrighted ©.