2013-08-09 11:31:20

Што робіць з падарункамі папа Францішак?


RealAudioMP3 Едучы “папамабілем”, Францішак не толькі вітае і благаслаўляе, але і ловіць кінутыя яму падарункі. Хоць гэта звычайна адбываецца ў Ватыкане, але так бы мовіць актывізацыя гэтай з’явы назіралася падчас Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра. “Папамабіль” чатыры разы быў запоўнены рознага роду прадметамі, прызнаўся арганізатар папскіх падарожжаў Альберта Гасбары. У іх ліку футболкі, шапкі, шалікі, мячы, кветкі, банданы, фатаграфіі, лісты, малюнкі, ружанцы, а нават біскупскі пярсцёнак, незразумела, згублены адным з іерархаў ці спецыяльна падрыхтаваны ў падарунак для Папы.

Гасбары сказаў амерыканскаму агенцтву “CNS”, што некаторыя падарункі былі застаўлены ў Рыа-дэ-Жанейра, а некаторыя накіраваліся ў Ватыкан. Адны з іх застануцца як напамін пра папскі візіт, другія, большая частка, будуць раздадзены бедным.

Мяч і футболку, атрыманыя ў Рыа-дэ-Жанейра, Францішак пакінуў як “вотум” перад абразом Маці Божай у базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ, калі спыніўся тут 29 ліпеня на шляху з аэрапорта пасля вяртання з Бразіліі.

У сваю чаргу падарункі, якія Святы Айцец атрымлівае ў Ватыкане, сартуюцца. Некаторыя з іх застаюцца, а нават перадаюцца ў Ватыканскія музеі, іншыя – галоўным чынам, адзенне і прадукты харчавання – падарожнічаюць у рымскую дыяцэзіяльную “Caritas”, у прытулак для бяздомных у Ватыкане, які вядуць сёстры Маці Тэрэзы з Калькуты і дзіцячую бальніцу, дзе па большай частцы прымаюцца эмігранты.

Па крайняй меры аднойчы здарылася так, што сам папа Францішак асабіста перадаў адзін з падарункаў падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Гэта быў гарачы дзень у сярэдзіне чэрвеня. Папе перадалі для благаслаўлення хлопчыка з непакрытай галавой. Францішак папрасіў ахоўніка пачакаць, пасля чаго знайшоў у “папамабілі” зялёную бейсболку і надзеў яе на галаву хлопчыка.







All the contents on this site are copyrighted ©.