2013-08-09 10:41:30

Пантыфік да “Рыцараў Калумба”: сведчыць аб прыгажосці і ісціне чалавечай сексуальнасці


RealAudioMP3 Святы Айцец пераказаў “сваё цёплае прывітанне” і “малітоўную блізкасць” удзельнікам 131-ага з’езду членаў дабрачыннай арганізацыі “Рыцары Калумба” – самай буйной у свеце супольнасці свецкіх вернікаў – які ў гэтыя дні праходзіў у амерыканскім Сан-Антоніа. Папа Францішак выказаў павагу да ідэалаў веры і братэрства, увасобленых у шматлікіх справах міласэрнасці і евангельскага сведчання “Рыцараў Калумба”. У першыя месяцы свайго пантыфікату Пантыфік атрымаў вялікую колькасць паведамленняў аб малітоўнай падтрымцы і духоўнай салідарнасці з боку членаў асацыяцыі, гаворыцца ў пасланні, падпісаным 8 жніўня кардыналам Дзяржсакратаром Тарчызіо Бэртонэ.

Папа быў рады даведацца, што тэма сёлетняга форуму – “Быць абаронцамі Божых дароў” – была ўзята з яго гаміліі на інаўгурацыйнай св. Імшы, якая прайшла ва ўрачыстасць св. Юзафа. Францішак бачыць у гэтым глыбокую сімволіку, бо і “Рыцары Калумба”, так, як апякун Святой сям’і, адзначаюцца сціпласцю, мужнасцю, сумленнасцю і вернасцю ў пераказе новым пакаленням каталіцкіх мужчын дару веры. У гэтым асноўная мэта асацыяцыі, заснаванай у канцы дзевятнаццатага стагоддзя – матэрыяльны і духоўны дабрабыт працоўных і іх сем’яў, годнасць працы, сацыяльная справядлівасць і пашырэнне місіі Касцёла. “Рыцары”, на думку Святога Айца, працягваюць адыгрываць выдатную ролю ў аказанні дапамогі каталіцкім мужчынам быць абаронцамі стварэння і Божага плану, упісанага ў прыроду.

Францішак, “усведамляючы асаблівую адказнасць, якую свецкія вернікі маюць перад місіяй Касцёла”, запрасіў кожнага рыцара “сведчыць аб сапраўднай прыродзе сужэнства і сям’і, святасці і недатыкальнай годнасці чалавечага жыцця, і прыгажосці і ісціне чалавечай сексуальнасці”. На думку Папы, гэта важна асабліва сёння, у час хуткіх сацыяльных і культурных перамен. Ён падзякаваў “Рыцарам Калумба” за іх грамадскую пазіцыю ў адстойванні права і абавязку вернікаў удзельнічаць у жыцці грамадства. Святы Айцец папрасіў кожнага рыцара распаліць праз асабістую малітву, катэхізацыю і справы міласэрнасці, святло веры - Lumen Fidei – “якое пашырае гарызонты і адкрывае сэрцы любові”.

Дабрачынная арганізацыя “Рыцары Калумба” была заснавана ў 1882 г. У яе, акрамя міліёнаў свецкіх вернікаў, уваходзяць больш за 100 іерархаў, сярод якіх 11 кардыналаў. На працягу мінулага года “Рыцары Калумба” сабралі рэкордную колькасць ахвяраванняў – 167,5 млн. долараў ЗША. Акрамя таго, члены арганізацыі, якіх ва ўсім свеце 1,8 млн., прысвяцілі служэнню патрабуючым каля 70 млн. гадзін. У мінулым годзе адчыніліся два новых аддзяленні асацыяцыі: у Літве і Украіне.







All the contents on this site are copyrighted ©.