2013-08-09 09:58:11

Ватыканскі кардынал: літургія адыгрывае ключавую ролю ў экуменічным збліжэнні


RealAudioMP3 Кардынал Курт Кох лічыць, што хрысціянская вера нідзе не знаходзіць настолькі поўны выраз, як у літургіі. Такім чынам, яна адыгрывае ключавую ролю ў экуменічным збліжэнні канфесій, заявіў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, які ў гэтыя дні прабывае ў нямецкім Вюрцбургу, дзе да 10 жніўня праходзіць Міжнародны літургічны кангрэс. Ватыканскі іерарх заклікаў католікаў браць за ўзор хрысціян усходняй традыцыі, для якіх - як адзначыў - літургія – гэта не толькі святкаванне ў супольнасці, але і падзея ў касмічным вымярэнні.

Паводле меркавання швейцарскага кардынала, для экумэнізму важны роздум над арыгінальнай формай літургіі, над той, якую цэлебравалі ў першыя стагоддзі хрысціянства. Ён звярнуў увагу на літургічнае абнаўленне, якое здзейснілі ў ХХ стагоддзі католікі і пратэстанты, і заўважыў, што дзякуючы спасылцы на пачаткі хрысціянства з’явілася шмат агульных літургічных элементаў.

Англіканскі тэолаг Пол Брэдшоў, які бярэ ўдзел у Кангрэсе, адзначыў, што ў пошуку “першасных” форм набажэнства гісторыкі да гэтага часу сутыкаліся з цяжкасцямі. На яго думку, гэта сведчыць аб тым, што з пачатку дзеяў хрысціянства абрады не былі аднастайнымі, як лічылася раней. Іх характарызавала вялікая разнастайнасць, якая не перашкаджае далейшаму пошуку агульных элементаў.

Брэдшоў таксама адзначыў, што парадак біблійных чытанняў, уведзены ў Каталіцкім Касцёле пасля II Ватыканскага сабору (1962-1965), пазней - у частцы або ў цэлым - пераняла вялікая частка Цэркваў Рэфармацыі. Таксама ў многіх мовах былі ўзгоднены сумесныя тэксты малітвы “Ойча наш” і “Сімвалу веры”. У цяперашні час, аднак, існуе тэндэнцыя, замест таго, каб шукаць агульныя элементы ў літургіі, даецца выраз уласнай рэлігійнай ідэнтычнасці.

Нагодай для правядзення Літургічнага кангрэсу ў Вюрцбургу стала 50-годдзе саборнай Канстытуцыі аб святой літургіі “Sacrosanctum Concilium”. Гэты дакумент, які з’явіўся ў 1963 г., стаў асновай для распачацця каталіцкімі біскупамі на ўсім свеце рэформы імшальнай літургіі і набажэнстваў.







All the contents on this site are copyrighted ©.