2013-08-08 12:47:33

Кардынал Тарксан памаліўся аб ахвярах атамнай бамбардзіроўкі Японіі


RealAudioMP3 8 жніўня кардынал Пітэр Тарксан, старшыня Папскай рады “Iustitia et pax” прыняў удзел у штогадовай мемарыяльнай цырымоніі ў парку “Ground-Zero”, у цэнтры японскага Нагасакі. Яна прайшла ў памяць аб ахвярах атамнай бамбардзіроўкі 9 жніўня 1945 г. Падчас цырымоніі, старшыня ватыканскай дыкастэрыі, нагадаў пра пакуты чалавецтва, выкліканыя войнамі, голадам, прыроднымі катаклізмамі, жорсткімі і бескарыснымі канфліктамі, і асабліва “глабалізацыя абыякавасці”, якую месяц таму асудзіў папа Францішак падчас візіту на італьянскі востраў Лампедуза. Молячыся за ўсіх, хто яшчэ пакутуе ад наступстваў атамнай бамбардзіроўкі і радыяцыйнага забруджвання, пурпурат пажадаў, каб як мага хутчэй наступіў час, калі ўсе народы змогуць жыць у свабодзе ад страху і патрэбаў, без насілля, мукаў і слёзаў, “дзякуючы святлу праўды Божай і упэўненасці ў Яго любові”.
Кардынал Тарксан адзначыў, што першым мірам, якога неабходна дасягнуць, з’яўляецца сардэчны мір, які селіцца ў сэрцах свабодных ад граху.

Мемарыяльны парк “Ground-Zero”, у якім прайшла памятная цырымонія, быў пабудаваны на месцы падзення атамнай бомбы, скінутай на горад у 1945 г. У яго цэнтры знаходзіцца статуя-сімвал міру – чалавек, адна рука якога выцягнута у неба, а іншая паказвае жэст супакою; яго вочы закрыты ў малітве за ахвяраў; адна нага закладзена на іншую, што сімвалізуе разважанне аб будучыні, а другая, стаіць на зямлі, што азначае неабходнасць супраць ужывання атамнай зброі.

Малітва ў цэнтры Нагасакі, была перадапошнім пунктам праграмы візіту ватыканскага іерарха ў Японію. 9 жніўня пурпурат узначаліць Эўхарыстыю у інтэнцыі міру на планеце, а затым вернецца ў Рым.








All the contents on this site are copyrighted ©.