2013-08-07 13:50:35

“Веру, ведаю, разумею”. Шчаслівая тая, якая паверыла. Прынеслі Яго, каб прадставіць Пану...


RealAudioMP3 Мы працягваем цыкл разважанняў пад назвай “Шчаслівая тая, якая паверыла”. У яго рамках мы размаўляем пра веру Найсвяцейшай Панны Марыі і прабуем адказаць на пытанне, чаму вера Маці Божай можа навучыць кожнага з нас? Сёння мы пахілімся над фрагментам з Евангелля паводле св. Лукі, у якім гаворка ідзе пра ахвяраванне Езуса ў святыні. Евангеліст апавядае, што, “калі мінула восем дзён, каб абрэзаць Дзіця, далі Яму імя Езус, якое было названа анёлам перад Яго зачаццем ва ўлонні. А калі мінулі дні ачышчэння паводле закону Майсея, бацькі прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану, – як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; – і каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў законе Пана, пару туркавак або двух галубіных птушанят”.

У дадзеным евангельскім тэксце варта звярнуць увагу на шэраг дэталяў, якія захоўваюць у сабе каштоўную для нашай веры інфармацыю. Па-першае, мы бачым, што падкрэсліваецца паслухмянасць Марыі закону. Вера Маці Божай у дадзенай сітуацыі рэалізуецца выключна ў рамках пануючых ў тыя часы агульнапрынятых і старажытных рэлігійных правілаў. Гэта ўказвае на тое, што вера не змяняе іх, а ўваходзіць унутр.

У дадзенай сітуацыі перад Марыяй існавала вялікая спакуса – думаць, што калі Бог уваходзіць у жыццё, калі стары свет знікае, правілы, якія існавалі раней, больш не актуальныя. Мы, аднак, бачым, што Марыя працягвала рабіць тое, што рабіла заўсёды. Спакуса змяніць усё не адпавядае той працягласці, якая вельмі важная для веры. Вера паважае справы, якія Бог ужо учыніў, словы, якія Ён ужо прамовіў раней.

Мы пачынаем жыць па-новаму, калі святло веры ўваходзіць у тыя правілы і абрады, якія ўжо ўстаноўлены. Гэта закон служыць нам, а не мы закону. Калі ў наша жыццё ўваходзіць Божая ласка, яна не ідзе супраць закона, не выключае яго, але ажыўляе, напаўняе жыццём і сэнсам. Гэта добра бачна напрацягу ўсёй біблійнай гісторыі, дзе ласка ўсё больш і больш ўваходзіла ў закон і напаўняла яго ўсё большай і большай любоўю.

У дадзеным евангельскім фрагменце закон кажа Марыі і Юзафу аб выканнанні пэўных правілаў: перш за ўсё гаворка ішла пра абразанне, затым пра імя, якое павінна было быць дадзена Дзіцяці, і, нарэшце, пасля неабходнага ачышчэння, яны былі абавязаны прадставіць першароднага Пану.

Што такое абразанне? У Пасланні да Галатаў св. Павел казаў, што сапраўднае абразанне – гэта вера. З абрадам абразання быў звязаны пераход ад старога жыцця да новага. Праз абразанне ізраільцянін становіцца часткай выбранага народа. Яму не дастаткова толькі нарадзіцца – трэба прайсці праз цырымонію, падчас якой ад цела адразаецца пэўная частка. Сімвалізм абразання ўказвае на тое, што, каб нарадзіцца нанова, каб пачаць жыць верай, трэба пазбавіцца пэўнай часткі самаго сябе – адмовіцца ад пэўных сваіх звычак, поглядаў, перакананняў.

Другім абавязкам бацькоў Езуса было наданне імені. Евангеліст Лука апавядае, што Марыя пачула імя свайго Сына ад анёла, пасланніка Божага. Гэта вельмі цікавая заўвага – яна не сама дала імя свайму Сыну, але пагадзілася, каб гэта зрабіў Бог.

Вера, якая азначае давер да Пана, прадугледжвае, што імёны самых важных рэчаў і сітуацый у нашым жыцці будуць паходзіць з вышыні. Часта, на нашым шляху веры, мы заўважаем, што рэчы змяняюць сваё імя – яны набываюць тое імя, якое Бог жадае ім надаць. Тое, што мы заўсёды называлі няшчасцем, станавілася ласкай, што мы называлі дабром, станавілася небяспекай, што мы называлі камфортам, станавілася пасткай, тое, чаго пазбягалі, станавілася месцам сустрэчы, адзінота, станавілася блізкасцю з Богам, нянавіць – любоўю і г.д. Часта мы называем вялікім тое, што ў вачах Бога павярхоўнае, называем праблемай тое, што ў вачах Бога наадварот з’яўляецца магчымасцю і провідам.

Разам з Богам прывычныя нам імёны змяняюцца. Дадзены ўрывак заклікае задумацца таксама над тым, як зменіцца наша жыццё, калі пачнем называць рэчы так, як гэтага хоча Бог. Варта заўсёды пытаць саміх сябе: як у вачах Бога называецца тая ці іншая сітуацыя ў нашым жыцці?

Нарэшце, апошнім абавязкам Марыі і Юзафа было прадстаўленне, ахвяраванне іх першароднага Сына Пану. Традыцыя ахвярвання мае вельмі старажытную гісторыю і ўзгадваецца яшчэ на першых старонках Святога Пісання. Ахвяраваць першароднае – азначала даверыць Богу самае каштоўнае, самае любімае.

Трэба адзначыць, што гэта тычыцца не толькі адносін з Богам, але і адносін з іншымі. Тут важна бачыць, чым чалавек дзеліцца з табой – першародным, самым каштоўным, ці рэшткамі або непатрэбным. Што мы даём адно аднаму? Ахвяраванне каштоўнага – гэта акт, у якім наша вера ўзрастае.

Марыя і Юзаф таксама прынеслі ў ахвяру Богу двух птушанятаў – ахвяру матэрыяльна нязначную, але складзеную ад сэрца. Іх прыклад актуальны таксама для нашага штодзённага жыцця. Што значыць памаліцца адразу пасля таго, як прачнуўся? Хіба ад гэтага Бог узрасце ў сваёй хвале? Канешне, не. Але гэта жэст, якім я аддаю Богу першае месца ў сваім жыцці. Што значыць памаліцца, замест вячэрняга прагляду тэлебачання? Гэта значыць, ахвяраваць Богу самае лепшае, каштоўнае – нашу блізкасць, наша “першароднае”.








All the contents on this site are copyrighted ©.