2013-08-07 11:27:52

Рэакцыя ў Афганістане на пасланне Папы да мусульман


RealAudioMP3 Кіраўнік місіі “sui iuris” у Афганістане распавёў пра рэкцыю мясцовай супольнасці на нядаўняе пасланне папы Францішка да мусульман у сувязі з заканчэннем Рамадана. Айцец Джузэпэ Марэці прачытаў яго ў сваім храме і адправіў тэкст у мясцовую прэсу. Пасланне не было апублікавана, але існуе надзея, што афганскія мусульмане даведаюцца “аб блізкасці і павазе Касцёла да іх свята”, - сказаў святар. “Я чытаў пасланне Святога Айца на заканчэнне Рамадана, каб мусульманане ведалі, што Касцёл блізкі да іх святкавання, і пажадаў ім, каб пачуцці, выяўленыя папам Францішкам супадалі з пачуццямі ісламскага свету”, - прызнаўся пробашч адзінай у Афганістане рыма-каталіцкай парафіі, якая з 1930-х гадоў дзейнічае ў пасольстве Італіі ў Кабуле. Святар прызнаўся, што вырашыў прачытаць поўны тэкст паслання замест гаміліі на нядзельнай Эўхарыстыі, каб мясцовыя католікі зразумелі логіку Касцёла адносна вызнаўцаў іншых рэлігій. Папа Францішак падкрэсліў важнасць адукацыі ў працэсе разумення адзін аднаго і павагі да рэлігіі іншага, яе вучэння, сімвалаў і каштоўнасцяў.

Дасылаючы тэкст у прэсу, айцец Марэці падкрэсліў, што ўпершыню пасланне на заканчэнне Рамадана напісаў сам Папа, але мясцовая газета прысвяціла яму толькі невялікую навіну. Па словах святара, журналісты асцерагаюцца, што публікацыя поўнага тэксту можа выклікаць негатыўную рэакцыю ісламскіх фундаменталістаў. “Але гэта пажаданне, прывітанне, і не разумею, чаму яно павінна выклікаць жорсткую рэакцыю”, - выказаў сваё здзіўленне кіраўнік місіі “sui iuris” у Афганістане.







All the contents on this site are copyrighted ©.