2013-08-07 10:31:41

Папа на Сусветны дзень місій: моц веры праяўляецца ў здольнасці перадаваць яе


RealAudioMP3 Моц нашай веры вымяраецца здольнасцю перадаваць яе іншым, жыць ёй у любові, сведчыць перад тымі, каго сустракаем і хто падзяляе з намі жыццёвы шлях, лічыць папа Францішак. 6 жніўня Святы Айцец скіраваў пасланне на Сусветны дзень місій, які сёлета будзе адзначацца 20 кастрычніка. У ім Пантыфік нагадаў, што вера – гэта дар, які нельга захоўваць толькі для сябе, якім трэба дзяліцца. Паводле Папы, “місійны запал з’яўляецца праявай сталасці хрысціянскай супольнасці”. “Супольнасць з’яўляецца “дарослай”, калі вызнае веру, з радасцю святкуе яе ў літургіі, жыве любоўю і бесперапынна абвяшчае Божае слова, выходзячы за ўласныя межы і несучы яго на “перыферыі”, у першую чаргу тым, хто яшчэ не меў магчымасці пазнаць Хрыста”, - напісаў Папа.На думку Францішка, місійная дзейнасць з’яўляецца не другасным, а першасна важным заданнем для кожнага хрысціяніна, незалежна ад месца яго пражывання і роду заняткаў, таму што “місійнасць тычыцца ўсіх аспектаў хрысціянскага жыцця”.

Адначасова Папа падкрэсліў, што кожны евангелізатар павінен памятаць пра адзін фундаментальны прынцып: нельга абвяшчаць Хрыста без Касцёла. “Евангелізацыя ніколі не можа быць ізаляваным актам, індывідуальным, прыватным, але заўсёды касцёльным”, - напісаў Святы Айцец. Ён патлумачыў, што “гэта дае місіі сілу і дазваляе кожнаму місіянеру і евангелізатару адчуваць што ён не самотны, але з’яўляецца часткай адзінага Цела, натхнёнага Святым Духам”.

Францішак нагадаў, што перад абліччам шматлікіх праблем, канфліктаў і цяжкасцяў, якія перажывае сучасны свет, чалавек мае патрэбу ў “надзейным святле, што асвеціць яго шлях”, “якое можа падарыць толькі Хрыстус”.
“Будзем несці ў гэты свет надзею, што паходзіць ад веры, праз наша сведчанне і любоў! Місійная дзейнасць Касцёла – гэта не празелітызм, але сведчанне аб жыцці, якое асвятляе шлях, нясе надзею і любоў”, - адзначыў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу на неабходнасць узаемадзеяння паміж мясцовымі Касцёламі ў розных рэгіёнах, на важнасць дапамогі больш “маладым Касцёлам” і заданне апошніх, дзяліцца свежасцю веры з Касцёламі са старажытнай хрысціянскай традыцыяй.

Не засталіся па-за ўвагай Пантыфіка і хрысціяне, якія сустракаюцца з цяжкасцямі ў вызнаванні веры. “Хачу запэўніць, што я малітоўна блізкі да людзей, сем’яў і супольнасцяў, якія пакутуюць ад насілля і неталерантнасці, і паўтараю суцяшаючыя словы Езуса: “Будзьце адважнымі, Я перамог свет”, - напісаў Святы Айцец у сваім пасланні на Сусветны дзень місій.








All the contents on this site are copyrighted ©.