2013-08-06 12:34:58

Украінскія рыма-католікі адзначылі 1025-годдзе Хрышчэння Кіеўскай Русі


RealAudioMP3 Апостальскі нунцый ва Украіне арцыбіскуп Томас Галіксан узначаліў 4 жніўня ў Кіеве рыма-каталіцкія ўрачыстасці 1025-годдзя Хрышчэння Кіеўскай Русі. Працэсія прайшла па вуліцах горада з конкатэдры св. Аляксандра на ўзгорак св. Уладзіміра, дзе адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя. “Сёння мы ўзгадваем падзеі 1025-гадовай даўніны, калі Касцёл Хрыстовы быў толькі адзін, - сказаў нунцый. - Тады не было важна, ці ты католік, ці не. Галоўнае, што ўсе былі разам. Спадзяюся, што калі-небудзь у будучыні мы будзем мець магчымасць адзначаць гэтае свята разам з праваслаўнымі”.

Перад юбілейнымі ўрачыстасцямі старшыня мясцовай біскупскай канферэнцыі, арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі, пісьмова павіншаваў украінскі народ з нагоды 1025-годдзя Хрышчэння Кіеўскай Русі. Ён пажадаў багацця Божай ласкі і адзначыў, што на працягу 1025 гадоў сіла Божага слова і моц сакрамэнтаў вядуць украінскі народ па шляху ісціны, міру і міласэрнасці.

Падчас урачыстасці ўкраінскіх грэка-католікаў прадстаўляў епіскап Багдан Дзюрах, сакратар Архіерэйскага Сінода мясцовай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Кожная з Цэркваў ва Украіне адзначае 1025-годдзе Хрышчэння Кіеўскай Русі асобна. Асноўныя юбілейныя ўрачыстасці на дзяржаўна-царкоўным узроўні прайшлі ва ўкраінскай сталіцы 26-28 ліпеня выключна пры ўдзеле Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхата. У святкаванні ўзялі ўдзел прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, і праваслаўныя іерархі з дзевяці краін.







All the contents on this site are copyrighted ©.