Польскі пасол пры Святым Пасадзе: Францішак мае далёка ідучыя планы
Не існуе ніякіх сумневаў,
што папа Францішак мае далёка ідучыя планы рэфармавання Касцёла і прывядзення яго
да новай рэальнасці, - сказаў у інтэрв’ю польскаму каталіцкаму агенцтву “КАІ” Пётр
Навіна-Канопка, новы пасол Польшчы пры Святым Пасадзе. Паводле дыпламата, пантыфікат
Францішка абяцае вясну Касцёла і новы этап у яго гісторыі. “Можа гэта будзе чарговы
Сабор, можа іншы працэс”, - сказаў Навіна-Канопка. Тым не менш, на яго думку, сутнасць
гэтых пераўтварэнняў будзе не нейкая “лібералізацыя”, а пастава, якая прынясе давер
свету да Касцёла. “Я б рызыкнуў сказаць, што гэта будзе пастава міласэрнасці і салідарнасці”,
- сказаў польскі дыпламат.
На яго думку, гаміліі Папы ў Доме св. Марты фарміруюцца
крок за крокам у энцыкліку. Яна часам успрымаецца са змяшанымі пачуццямі, бо можа
разбурыць існуючы парадак мыслення аб структуры Касцёла, ці нават аб адносінах паміж
пастырамі і Божым народам, - сказаў пасол.
Дыпламат лічыць, што адным з рэцэптаў
на набліжэнне Касцёла да свету з’яўляецца змена мовы камунікацыі. “Нешта важнае кажа
нам тут мова папы Францішка. Яна нікому не наносіць ранаў, але ўсіх збліжае”, - адзначыў
Навіна-Канопка. На яго думку, Касцёл, у прыватнасці ў Польшчы, быў больш эфектыўным,
калі выкарыстоўваў бедныя сродкі. Менавіта тады фарміравалася вялікая сіла і пачуццё
супольнасці, якіх сёння не хапае, лічыць дыпламат.
Пётр Навіна-Канопка прызнаўся,
што з нагоды ўручэння даверчых грамат збіраецца падарыць папе Францішку іспанскае
выданне кнігі “Этыка салідарнасці” вядомага польскага тэолага кс. Юзэфа Цішнэра.