2013-08-06 11:37:21

Ватыканскі кардынал пракаментаваў адстаўку славенскіх іерархаў


RealAudioMP3 Санкцыі, накладзеныя на двух славенскіх арцыбіскупаў з’яўляюцца “прыкладам для ўсяго Касцёла”, - сказаў кардынал Франк Радэ, прэфект на пенсіі Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця. Іерарх, родам са Славеніі, быў у 1997-2004 гг. арцыбіскупам сталічнай Любляны. Па словах кардынала Радэ, у пачатку свайго пантыфікату папа Францішак, верагодна, жадаў паставіць “славенскі вопыт” у прыклад для ўсяго Касцёла, каб паказаць, што ён не пойдзе на кампрамісы ў фінансавых і іншых праблемах. Словы іерархіа, які заўважае ў Ватыкане “жорсткую лінію” адносна духавенства ў выпадку якіх-кольвечы праступкаў, цытуе славенская газета “Delo”.

31 ліпеня папа Францішак прыняў адстаўку Мітрапаліта Люблянскага арцыбіскупа Антона Стрэза і Мітрапаліта Марыборскага арцыбіскупа Мар’яна Турншэка. Абодва іерархі раней былі арцыбіскупамі каад’ютарамі архідыяцэзіі Марыбор (арцыбіскуп Стрэз з лютага па лістапад 2009 г., а арцыбіскуп Турншэк з лістапада 2009 г. па люты 2011 г.), у часы, калі ў выніку серыі паспешных рашэнняў і фінансавых інвестыцый архідыяцэзія, і ў выніку ўвесь Касцёл у Славеніі, трапілі ў даўгі на велізарную суму каля 800 млн. еўра.







All the contents on this site are copyrighted ©.