2013-08-05 15:23:31

Папа і гадавіна пасвячэння базылікі Санта-Марыя-Маджорэ


RealAudioMP3 4 жніўня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін пасвячэння рымскай базылікі Найсвяцейшай Панны Марыі, вядомай як Санта-Марыя-Маджорэ – самай старажытнай базылікі ў Заходнім Касцёле, прысвечанай Маці Божай. Яна была пабудавана падчас пантыфікату Сікста ІІІ, пасля заканчэння Эфескага Сабора, які праходзіў у 431 г. Менавіта на ім Панна Марыя была ўрачыста абвешчана Багародзіцай. Папа Францішак за некалькі месяцаў свайго Пантыфіката ўжо некалькі разоў наведваў гэты храм і маліўся перад цудатворным абразом Маці Божай Снежнай – “Апякункі рымскага народа”.

Святы Айцец маліўся перад ім на наступны дзень пасля свайго абрання на Пасад св. Пятра, перад падарожжам на Сусветныя дні моладзі і пасля вяртання з іх. 4 мая Францішак узначаліў у базыліцы ружанцовую малітву, пасля якой адзначыў, што цудатворны абраз, які ў ёй захоўваецца, нагадвае пра Маці, якая клапоцціца аб росце і карысці сваіх дзяцей. “Апякунка рымскага народа – гэта маці, якая дорыць здароўе для росту, дорыць здароўе, неабходнае, каб адказваць на праблемы, каб станавіцца свабоднымі ў важных выбарах; гэта маці, якая вучыць быць плённымі, адкрытымі на жыццё, плённымі дабром, радасцю, надзеяй. Яна вучыць ніколі не губляць надзею і заўсёды дарыць фізічнае і духоўнае жыццё іншым”, - казаў у той час Папа.

Копія абраза Маці Божай Снежнай захоўваецца і ў Беларусі, у гродзенскім катэдральным касцёле. У нашай краіне ён больш вядомы пад назвай Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай). У 2005 г. гэты абраз быў каранаваны папскімі каронамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.