2013-08-04 12:38:42

Папа перад “Анёл Панскі”: будаваць шчасце на валоданні – абсурдна (поўны тэкст)


RealAudioMP3 “Сапраўднае багацце – гэта любоў Езуса, якой дзелішся з братамі”, - адзначыў папа Францішак перад традыцыйнай нядзельнай малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 4 жніўня. Пантыфік звярнуўся з кароткім разважаннем да вернікаў, якія, сабраліся нягледзячы на спякотнае надвор’е, каб супольна памаліцца са Святым Айцом. Папа падзяліўся некаторымі думкамі аб Сусветным днях моладзі, якія тыдзень таму закончыліся ў Рыа-дэ-Жанейра, а таксама заклікаў вернікаў будаваць сваё шчасце на любові, а не часовых рэчах, які мінаюць і псуюцца. “Дарагія браты і сёстры, – прывітаў прысутных Францішак, – у мінулую нядзелю я знаходзіўся ў Рыа-дэ-Жанейра. Завяршалася св. Імша і Сусветныя дні моладзі. Я думаю, што мы павінны разам падзякаваць Пану за вялікі дар, якім стала гэта падзея для Бразіліі, Лацінскай Амерыкі і ўсяго свету. Гэта быў новы этап пілігрымкі моладзі праз кантыненты з крыжам Хрыста. Мы не павінны забываць, што Сусветныя дні моладзі гэта не “феерверкі”, моманты энтузіязма дзеля саміх сябе; гэта этапы доўгага шляху, які пачаўся ў 1985 г., па ініцыятыве папы Яна Паўла ІІ. Ён даверыў моладзі крыж і сказаў: ідзіце, і я пайду з вамі! І так стала; і гэта пілігрымка моладзі працягвалася з папам Бэнэдыктам і дзякуючы Богу таксама і я змог жыць гэтай цудоўнай падзеяй у Бразіліі. Будзем заўсёды памятаць: моладзь ідзе не за Папам, а за Езусам Хрыстом, нясучы Яго крыж! А Папа яе напраўляе і суправаджае на гэтым шляху веры і надзеі. Таму дзякую ўсім юнакам і дзяўчатам, якія ўдзельнічалі, нават коштам ахвяры. Дзякую Пану таксама за іншыя сустрэчы, якія я меў з пастырамі і народам гэтай вялікай краіны, Бразіліі. Дзякую таксама ўладам і валанцёрам. Няхай Пан узнагародзіць усіх ,хто працаваў дзеля гэтага вялікая свята веры!

Я хацеў бы папрасіць вас памаліцца за мяне ў такой інтэнцыі: каб моладзь, якая ўдзельнічала ў Сусветных днях моладзі, магла перамяніць гэты досвед у штодзённы шлях, у штодзённыя паводзіны, у важныя жыццёвыя выбары, адказваючы на асабістае пакліканне Езуса. Сёння, у літургіі, гучаць правакацыйныя словы Эклезіяста: “марнасць, марнасцяў і ўсё марнасць”. Моладзь, асабліва чуллівая да пустэчы значэнняў і каштоўнасцяў, якія яе акружаюць. Нажаль, яна плаціць за наступствы гэтага. Аднак сустрэча з жывым Езусам, у Яго вялікай сям’і, Касцёле, напаўняе сэрцы радасцю, таму што напаўняе іх сапраўдным жыццём, глыбокім дабром, якое не мінае і не псуецца: мы бачылі гэта ў абліччах юнакоў і дзяўчат Рыа. Гэты досвед павінен стаць адказам на выклік штодзённай марнасці, на атруту пустэчы, якая прасякае нашы грамадствы, заснаваныя на прыбытку і валоданні, што зводзяць моладзь спажывецтвам. Евангелле гэтай нядзелі паказвае нам менавіта абсурднасць будавання ўласнага шчасця на валоданні.

Багаты кажа сам сабе: “душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся! Але Бог сказаў яму: Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж застанецца тое, што ты нарыхтаваў?” (пар. Лк 12,19-20). Сапраўднае багацце, гэта любоў Езуса, якое дзелішся з братамі. Хто робіць так, не баіцца смерці і атрымлівае сардэчны супакой. Даверым гэту інтэнцыю заступніцтву Панны Марыі”.

Пасля марыйнай малітвы Пантыфік прывітаў некаторыя групы вернікаў і пілігрымаў прысутных на плошчы св. Пятра. Асаблівым чынам Святы Айцец звярнуўся да пробашчаў і усіх святароў свету, з нагоды успаміну іх апекуна, св. Яна Марыя Віянэя, які адзначаецца ў Касцёле сёння. Пантыфік заклікаў усіх святароў быць паяднанымі ў малітве і душпастырскай любові.








All the contents on this site are copyrighted ©.