2013-08-03 14:50:20

Прадстаўнік Святога Пасаду наведае Хірасіму і Нагасакі


RealAudioMP3 Малітве і разважанню аб міры будзе прысвечаны візіт кардынала Пітэра Тарксана ў Японію. 5-9 жніўня старшыня Папскай рады “Iustitia et pax” будзе знаходзіцца ў “Краіне ўзыходзячага сонца”, дзе прыме ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў у рамках ініцыятывы “Дзесяць дзён для міру”. Яна арганізавана японскім епіскапатам з нагоды чарговай гадавіны атамнай бамбардзіроўкі гарадоў Хірасіма і Нагасакі і успаміну аб ахвярах гэтай трагедыі. Праграма візіту пурпурата – насычаная. 5 жніўня ён будзе цэлебраваць св. Імшу ў катэдральным касцёле Хірасімы, а на наступны дзень, разам з некаторымі будысцкімі, сінтаіскімі і пратэстанцкімі лідэрамі, прыме ўдзел у міжрэлігійнай сустрэчы. Падчас яе кардынал выступіць з прамовай, прысвечанай патрэбе супрацоўніцтва на карысць міру на планеце. 7 жніўня ён скіруецца ў Нагасакі, дзе прыме ўдзел у вячэры, арганізаванай Міжрэлігійным цэнтрам для дыялога аб міры ў свеце. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы возьме ўдзел ў мемарыяльнай міжрэлігійнай цырымоніі ў парку “Ground-Zero”, падчас якой памоліцца за ахвяр атамнай бамбардіроўкі японскіх гарадоў і тых, хто працягвае пакутаваць ад радыяцыйнага забруджвання. 9 жніўняў Нагасакі кардынал Тарксан будзе цэлебраваць Эўхарыстыю ў інтэнцыі міру на планеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.