Мусульманскі тэолаг пра пасланне Папы да ісламскага свету
“Мы павінны вучыць
нашу моладзь думаць і гаварыць аб іншых рэлігіях і іх вызнаўцах з павагай”, - гэтыя
словы з паслання папы Францішка, скіраванага 2 жніўня да ісламскай супольнасці, уразілі
мусульманскага тэолага Аднана Маркані, выкладчыка Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта.
У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, ён прызнаўся, што быў вельмі рады атрымаць віншаванне
з заканчэннем Рамадана ад Папы. Паводле тэолага, Святы Айцец вельмі адкрыты на міжрэлігійны
дыялог і гэта падкрэслівае яго імя, якое ён выбраў, думаючы пра “асізскага бедняка”.
“Св. Францішак – гэта сімвал дыялога з мусульманамі. Таму выбар імені быў пазітыўным
знакам для міжрэлігійнага дыялога”, - сказаў Маркані.
Мусульманскі тэолаг назваў
пасланне Папы “цудоўным і адкрытым заклікам да ўзаемнай павагі на падставе супольнага
сяброўства” і звярнуў увагу на важнасць навучання моладзі павазе да іншых рэлігій
і іх лідэраў. “Я думаю, што гэта наша супольная праца, супольнае заданне, якое павінна
стаць мэтай міжрэлігійнага дыялога на наступныя гады”, - сказаў ён.
Гаворачы
пра рэха паслання Францішка ў ісламскім свеце, Аднан Маркані адзначыў, што, канешне,
зараз увага СМІ звернута ў першую чаргу на складаную сітуацыю ў Сірыі, Егіпце і Тунісе,
аднак, словы Папы натхнілі тых, хто працуе на карысць развіцця міжрэлігійнага дыялога.
“Я думаю, што гэта пасланне дае надзею і дапамагае людзям, якія працуюць у гэтай сферы”,
- сказаў ён.