Сваё задавальненне
магчымым візітам Папы ў Азію ў 2014 г. выказалі прадстаўнікі Касцёла ў Шры-Ланцы.
“У краіне толькі што скончылася доўгая вайна і візіт Святога Айца стаў бы вельмі важным
для народу – а таксама для Азіі”, сказаў Бэнэдыкт Джозэф, дырэктар Цэнтра сацыяльных
камунікацый Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў астраўной краіны ў размове з каталіцкім
інфармацыйным агенцтвам “AsiaNews”. Матывам для заявы стала прэс-канферэнцыя Папы
на борце самалёта падчас вяртання з Рыа-дэ-Жанейра, на якой ён расказаў аб сваіх планах.
“Думаю, што існуе магчымасць здзейсніць візіт у Азію, але гэта ў стане разгляду. У
Азію трэба паехаць, паколькі папе Бэнэдыкту XVI не хапіла часу здзейсніць падарожжа
на гэты кантынент. Ёсць запрашэнне ад Шры-Ланкі і Філіпін”, - паведаміў Пантыфік 29
ліпеня.
Папярэднік Францішка хацеў асабіста прыняць удзел ва ўрачыстай інаўгурацыі
міжнароднай праграмы тэалагічных даследаванняў у Шры-Ланцы, стварэнне якой ён калісьці
стымуляваў, сказаў Джозэф. “Будаўніцтва цэнтра зараз амаль завершана. Для нас гэта
шчаслівая выпадковасць, і калі папа Францішак пажадае прыехаць на інаўгурацыю, мы
будзем рады вітаць яго”, - сказаў дырэктар Цэнтра сацыяльных камунікацый.
Тым
не менш, інфармацыя пра наведанне Шры-Ланкі яшчэ не дакладная. Мясцовы Касцёл жадае
візіту Папы, але ўсё яшчэ існуе шэраг фармальнасцяў. Пакуль няма запрашэння ад уладаў,
прызнаўся прадстаўнік епіскапату, і “гэта патрабуе часу”.
Іншай магчымай мэтай
азіяцкага падарожжа Святога Айца могуць стаць Філіпіны. Афіцыйнае запрашэнне ў краіну,
дзе католікі складаюць большасць, Францішак атрымаў яшчэ ў дзень сваёй інаўгурацыі.