2013-08-02 12:10:13

Францішак звярнуўся да вызнаўцаў іслама


RealAudioMP3 Спрыяць узаемнай павазе праз выхаванне, заклікаў папа Францішак вызнаўцаў хрысціянства і іслама. 2 жніўня ён скіраваў да мусульманскай супольнасці спецыяльнае пасланне з нагоды заканчэння месяца Рамадан, прысвечанага посту, малітве і міласэрнасці. Трэба адзначыць, што традыцыйна, такое пасланне скіроўвала Папская рада па міжрэлігійным дыялогу, але сёлета Пантыфік вырашыў напісаць яго асабіста, у якасці “выразу павагі і сяброўства да ўсіх мусульман”, асабліва рэлігійных лідэраў. Паводле Святога Айца тэма спрыяння ўзаемнай павазе праз выхаванне тычыцца вызнаўцаў абодвух рэлігій і яна важная для лепшага ўзаемнага разумення. “Павага” азначае добрыя адносіны да людзей, якіх цэнім і шануем. “Узаемная” азначае, што гэты працэс не аднабаковы, але падзяляецца абодвума часткамі”, - напісаў Францішак.

Папа падкрэсліў, што сёння вызнаўцы іслама і хрысціянства разам пакліканы паважаць жыццё кожнага чалавека, яго фізічную інтэгральнасць, годнасць і правы, які ад яе паходзяць, рэпутацыю, уласнасць, этнічную і культурную ідэнтычнасць, ідэі і палітычныя погляды. “Мы пакліканы думаць, гаварыць і пісаць аб іншых з павагай, не толькі ў іх прысутнасці, але заўсёды і паўсюль, выключаючы несправядлівую крытыку і зневажанне”, - напісаў Святы Айцец і дадаў, што “ў дасягненні гэтай мэты важную ролю граюць сем’і, школы, рэлігійнае навучанне і рознага кшталту сродкі сацыяльнай камунікацыі”.

На думку Францішка хрысціяне і мусульмане павінны ўзаемна паважаць рэлігію адно аднаго, навуванне, сімвалы, каштоўнасці, рэлігійных лідэраў і месцы культу. Ён адзначыў, што выхоўваючы моладзь, варта навучыць яе думаць і размаўляць з павагай да іншых рэлігій і іх вызнаўцаў, не дазваляючы высмейваць і зневажаць іх перакананні і рэлігійныя практыкі.

“Мы ведаем, што ўзаемная павага фундаментальная для кожных чалавечых адносін, асабліва паміж людзьмі, якія вызнаюць пэўную рэлігію. І праз яе можа ўзрастаць спакойнай і доўгае сяброўства”, - падкрэсліў Папа.

Між іншым Францішак нагадаў, што “нельга жыць сапраўднай сувяззю з Богам, ігнаруючы іншых”, “таму важна умацоўваць дыялог паміж рознымі рэлігіямі”. “У першую чаргу я думаю пра іслам”, - напісаў Папа і дадаў, што гэтымі словамі, хоча “яшчэ раз падкрэсліць вялікую важнасць дыялога і супрацоўніцтва паміж вернікамі, асабліва хрысціянамі і мусульманамі і неабходнасць яго ўмацавання”.








All the contents on this site are copyrighted ©.