2013-08-02 13:29:43

Пурпурат: поспех СДМ павінен стымуліраваць працу з моладзю


RealAudioMP3 Поспех Сусветных дзён моладзі, якія 22-28 ліпеня прайшлі ў Рыа-дэ-Жанейра, павінен стаць стымулам для Касцёла ў Еўропе і паспрыяць актывізацыі працы з моладзю ў дыяцэзіях, парафіях, каталіцкіх школах і рухах. Такога меркавання прытрымліваецца арцыбіскуп Барселоны кардынал Луіс Марцінэс Сістах. На старонках “L’Osservatore Romano” ён звярнуў увагу, што падчас сусветнага форума “Папа звяртаўся не толькі моладзі, але таксама да душпастыраў – біскупаў, святароў, семінарыстаў, законнікаў і законніц”, таму што яны павінны суправаджаць моладзь. “Мы ўсе павінны адчуваць натхненне ад словаў Езуса і словаў Біскупа Рыма і Пастыра Паўсюднага Касцёла”, - сказаў пурпурат.

“Папа навучаў нас, што трэба “выйсці”, накіравацца туды дзе ёсць людзі, дасягнуць геаграфічных і экзістэнцыяльных перыферыяў”, - адзначыў іспанскі кардынал і дадаў, што паводле Святога Айца, адной з такіх “перыферый” з’яўляецца моладзь. На думку арцыбіскупа Барселоны Папа кліча кожнага з нас “адбудаваць Касцёл”, як Езус прасіў “асізскага бедняка”.

Гэта “адбудова”, павінна пачацца з уласнага навяртання, а Сусветныя дні моладзі не павінны быць ізаляванай падзеяй у жыцці дыяцэзіі, але павінны весці кожнага ўдзельніка да асабістай сустрэчы з Езусам Хрыстом. Паводле кардынала Сістаха, прысутнасць трох мільёнаў маладых людзей, на ўзбярэжжы Копакабана, сведчыць пра шматлікасць тых, хто ідзе за Хрыстом.

Гаворачы пра будучыню Сусветных дзён моладзі пурпурат адзначыў, што нягледзячы на тое, што форум праходзіць у 27-мы раз, “мы знаходзімся перад новай ініцыятывай і вельмі жывой”. “Рыа-дэ-Жанейра пацвердзіла вясну, якую Касцёл перажывае з папам Францішкам”, - сказаў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.