2013-08-02 14:06:35

Кардынал Таран: невыхаванасць – прычына міжрэлігійных канфліктаў


RealAudioMP3 Кардынал Жан Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, падкрэсліў, што папа Францішак хацеў прадэманстраваць сваю асаблівую павагу да мусульман павіншаваўшы іх з заканчэннем месяца Рамадам асабіста. Пурпурат расказаў, што яшчэ будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, Хорхе Марыа Берголіа скіраваў аднаго святара са сваёй дыяцэзіі ў Каір, каб той добра вывучыў арабскую мову і дапамагаў у дыялогу з ісламам. Кардынал Таран з жалем адзначыў, што нягледзячы на інтэнсіўны дыялог паміж хрысціянамі і мусульманамі, на сённяшні дзень дасягнуты невялікія вынікі, якія не зацверджаны на ўзроўні права ці нарматыўных нормаў. Таму на яго думку, неабходна працягваць паглыбляць узаемнае знаёмства, а таксама навучанне павазе, якое павінна адбывацца праз школу, універсітэты, узаемны давер і сяброўства.

Паводле кардынала Тарана, Папа глыбока ўсведамляе цяжкасці, якія існуюць у адносінах паміж ісламам і хрысціянствам і не з’яўляецца ў гэтых пытаннях “наіўным”. Ён памятае пра хрысціян, якія пакутуюць у мусульманскіх краінах, але ў той жа час усведамляе, што многія мусульмане сталі аб’ектам дыскрымінацыі ў Еўропе.

Пурпурат лічыць, што ў фундаменце многіх праблем паміж прадстаўнікамі абодвых рэлігій знаходзіцца неадукаванасць і невыхаванасць, таму гэтыя сферы павінны быць прыярытэтнымі.








All the contents on this site are copyrighted ©.