2013-08-01 11:54:30

Рым прыме буйны міжрэлігійны форум


RealAudioMP3 У Рыме адбудзецца буйны міжрэлігійны форум пад назвай “Мужнасць надзеі – рэлігіі і культуры ў дыялогу”. З 29 верасня па 1 кастрычніка 2013 г. сотні лідэраў усіх рэлігій і асоб са свету культуры і палітыкі, з больш чым 60 краін свету, сустрэнуцца разам у Вечным горадзе, каб зрабіць яго “сталіцай міру і суіснавання”, гаворыцца ў паведамленні “Супольнасці св. Ігідзія”, галоўнага арганізатара мерапрыемства. Яно пройдзе ўжо ў 27-ы раз пасля гістарычнага Дня малітвы ў Асізі ў 1986 г., які ініцыяваў бл. Ян Павел II.

Рымская сустрэча, як заяўляюць арганізатары, натхнёная духам горада св. Францішка. Падчас яе пераплятаюцца сяброўства, гуманітарны і культурны дыялог і малітва. Тут рэалізуецца вобраз мірнага свету і цывілізацыі суіснавання. У заяве гаворыцца, што апошнія гады паказалі наколькі вялікая сіла духоўных сродкаў для дасягнення сапраўднага міру. Рэлігія змяняе чалавека знутры, выклікаючы мірнае стаўленне да іншага.

Форум распачнецца пленарным пасяджэннем у нядзелю 29 верасня. 30 верасня і 1 кастрычніка ў розных месцах Рыма будуць праходзіць дыскусіі, круглыя сталы, сустрэчы. На заканчэнне міжрэлігійнай сустрэчы будзе скіраваны Рымскі заклік да міру 2013 года.

“Супольнасць св. Ігідзія” была заснавана ў 1968 г. як грамадская касцёльная асацыяцыя свецкіх. Яна займаецца евангелізацыяй і справамі міласэрнасці ў больш чым 70 краінах свету.







All the contents on this site are copyrighted ©.