Спецыяльная кардынальская дарадчая група пры Пантыфіку сустрэнецца ўжо ў кастрычніку
Сустрэча групы з васьмі
кардыналаў, задачай якой з’яўляецца аказанне дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам
і рэформа Рымскай курыі, пройдзе 1-3 кастрычніка ў Рыме. Аб гэтым паведаміў каардынатар
кансультатыўнага органа, кардынал Оскар Андрэс Радрыгес Марадзьяга. Ён патлумачыў,
што да гэтага часу група займалася працай “па зборы матэрыялаў” і адпаведных прапаноў,
якія надыходзілі з боку біскупскіх канферэнцый і асоб.
Магчымасць абмеркаваць
гэтыя пытанні непасрэдна з папам Францішкам з’явілася падчас візіту Пантыфіка ў Рыа-дэ-Жанейра,
дзе кардынал Марадзьяга праводзіў катэхезы ў рамках Сусветных дзён моладзі. У цяперашні
час, дзякуючы сабраным прапановам, з’явілася магчымасць стварыць свайго роду рабочы
дакумент, які стане асновай для абмеркавання падчас сустрэчы ў кастрычніку. “Разам
з цяперашнім Папам мы былі ў рэдакцыйным камітэце “Дакументу з Апарэсіды” - нагадаў
гандураскі кардынал. - Мы ведаем адзін аднаго добра, і я вельмі рады, што магу супрацоўнічаць
з ім у гэтым пытанні”.
Спецыяльная кардынальская дарадчая група пры Пантыфіку
была створана 13 красавіка 2013 г. – праз месяц пасля абрання Францішка на Пасад св.
Пятра. Апрача кардынала Марадзьягі, у яе склад увайшлі: кіраўнік Губернатарата Дзяржавы
Ватыкан, кардынал Джузэпэ Бэртэла; арцыбіскуп Санц’яга-дэ-Чылі на пенсіі, кардынал
Франсіска Хаўер Эрасурыс Осса; арцыбіскуп Бамбею, кардынал Освальд Грасіас; арцыбіскуп
Мюнхенска- Фрайзінгскі, кардынал Рэйнхард Маркс; арцыбіскуп Кіншасы, кардынал Ларан
Мансэнгва Пасінья; арцыбіскуп Бостана, кардынал Шон Патрык О’Мэлі і арцыбіскуп Сіднэя,
кардынал Джордж Пэл. Біскупу Альбана Марчэла Сэмерара даручана функцыя сакратара групы.