Бразільскія СМІ вельмі станоўча пра візіт Францішка
Магчыма, пакуль яшчэ
занадта рана, каб вызначыць ўсе змены, якія выклікаў візіт папы Францішка ў Бразілію.
Але не прайшло і тыдня як ён пакарыў краіну, у якой Каталіцкі Касцёл перажывае складанасці
– памяншаецца колькасць яго членаў. Нават крытыкі Касцёла ў краінах Лацінскай Амерыкі
выказвалі сваё захапленне. Бразільская газета „O Globo“ напісала аб тым, як людзі
іншых рэлігій былі крануты Францішкам: “Гэта цудоўна, бачыць маладых людзей у веры,
а не сярод наркотыкаў. І гэты Папа кажа вельмі добрыя рэчы, ён вельмі сціплы”, - цытуе
выданне верніка з “Саюзу Бога” – адной з евангельскіх супольнасцяў, да якой належыць
20% бразільцаў.
На кантыненце, дзе да гэтага часу каля траціны насельніцтва
жыве ў галечы і пераважаюць аўтарытарныя рэжымы, Папа зрабіў вялікае ўражанне сваім
зваротам да палітыкаў зрабіць эканамічныя сістэмы больш “гуманнымі” і больш карыснымі
для насельніцтва, а не толькі бізнес-асяроддзяў. “Дзякуй, папа Францішак. Гэта дні
шчасця... Мы ўсе цяпер францішкане”, - было напісана на першай старонцы “Jornal do
Brasil”, самай буйной інтэрнэт-газеты краіны, якая лічыць сябе левай. “O Estado de
Sao Paulo”, адна з самых папулярных газет у краіне, прысвяціла Папе большую частку
сваёй першай старонкі.
Лацінаамерыканскія медыя вельмі ўразіла адкрытасць
Францішка да простых людзей і яго самакрытычныя заявы пра Касцёл. Газеты, інтэрнэт-СМІ,
тэлебачанне і сацыяльныя сеткі былі напоўнены цытатамі Папы пра тое, што Касцёл павінен
быць з тымі вернікамі, якія расчараваліся ў хрысціянстве, і, што, магчыма, Касцёл
аказаўся занадта слабы і далёкі ад іх патрэбаў.