2013-07-29 09:57:31

Папа да іерархаў Лацінскай Амерыкі: пазбаўляцца ад “псіхалогіі ўладароў” і нездаровых амбіцый


RealAudioMP3 На заканчэнне Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра 28 ліпеня Францішак сустрэўся з каардынацыйным камітэтам Рады епіскапатаў Лацінскай Амерыкі (CELAM) – структуры, якая аб’ядноўвае біскупскія канферэнцыі гэтага рэгіёна. Да іх Папа звярнуўся з шырокай прамовай, у якой закрануў пытанні, актуальныя для Касцёла на ўсіх кантынентах. Ён нагадаў, што генеральная асамблея лацінаамерыканскіх епіскапатаў, якая прайшла ў 2007 г. у бразільскай Апарэсідзе, падкрэсліла патрэбу “душпастырскага навяртання”. Францішак запрасіў іерархаў адказаць на пытанне: якія прыярытэты зараз мае святарскае служэнне, душпастырскія ці адміністрацыйныя. Пантыфік падкрэсліў, што ў першую чаргу місія Касцёла павінна разумецца як служэнне Божаму народу, а не ўпраўленне арганізацыяй. Святы Айцец спытаў біскупаў, на колькі цэняцца свецкія вернікі ў Касцёле, “ці на самой справе ім давяраецца місійная дзейнасць”, ці іерархі і святары “падтрымліваюць і суправаджаюць іх”, не паддаючыся спакусам маніпулявання імі і патрабавання празмернага падпарадкавання з іх боку.

У цэнтры ўвагі Пантыфіка былі таксама адносіны Касцёла са светам. Ён нагадаў, што фундаментам для дыялогу павінны быць “радасці, надзеі, смуткі і трывогі людзей нашага часу, асабліва бедных і пакутуючых”. Папа заклікаў біскупаў быць уважлівымі да новых форм камунікацыі.

Святы Айцец нагадаў аб трох фундаментальных небяспеках, з якімі сустракаецца сёння Касцёл: “ідэалагізацыі евангельскага паслання”, “функцыяналізме” – пагоні за эфектыўнасцю, калі Касцёл разумеецца як нейкая недзяржаўная арганізацыя – і “клерыкалізме”, які, на думку Папы, сведчыць аб недахопе сталасці і свабоды з боку духавенства.

Францішак завяршыў свой зварот заклікам да іерархаў, “быць пастырамі, блізкімі да людзей”, цярплівымі і міласэрнымі. Паводле Пантыфіка, біскупы і святары павінны любіць беднасць, у тым ліку і тую, якая праяўляецца знешне, пазбаўляцца ад “псіхалогіі ўладароў” і нездаровых амбіцый.







All the contents on this site are copyrighted ©.