2013-07-26 17:14:55

Францішак пра важнасць паразумення паміж пакаленнямі


RealAudioMP3 На вялікае значэнне сустрэчы і дыялогу паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў звярнуў увагу папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” 26 ліпеня. Апоўдні Святы Айцец з’явіўся на балконе архідыяцэзіяльнай курыі ў Рыа-дэ-Жанейра. Перш чым прамовіць марыйную малітву, ён звярнуўся да прысутных вернікаў з кароткім разважаннем, у якім нагадаў, што сёння Касцёл адзначае ўспамін св. Яўхіма і св. Ганны – дзядулі і бабулі Езуса. “У іх доме прыйшла на свет Марыя, несучы з сабой гэту незвычайную таямніцу Беззаганнага Зачацця; у іх доме яна расла, атуленая іх любоўю і верай; у іх доме навучылася слухаць Пана і выконваць Яго волю”,- сказаў Францішак і падкрэсліў, што сямейны асяродак з’яўляецца важным для пераказу веры.Папа адзначыў таксама, што 26 ліпеня ў Бразіліі і некаторых іншых краінах свету адзначаецца Дзень бабуль і дзядуль. Старэйшае пакаленне, сказаў Францішак, грае важную ролю для сям’і і перадачы спадчыны чалавечнасці і веры маладому пакаленню. Ён падкрэсліў неабходнасць і важнасць сустрэчы і дыялогу паміж пакаленнямі, асабліва ўнутры сям’і.

Францішак, ад імя маладых вернікаў, сабраных у Рыа-дэ-Жанейра, падзякаваў усім бабулям і дзядулям за іх сведчанне мудрасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.