Францішак да моладзі: вера здзяйсняе ў жыцці чалавека рэвалюцыю
25 ліпеня больш за
мільён ўдзельнікаў Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра сабраліся на ўзбярэжжы
Копакабана, з нагоды павітальнай сустрэчы з удзелам папы Францішка. Яна пачалася прадстаўленнем
аб гісторыі хрысціянства і штодзённым жыцці бразільскага горада, гаспадара моладзевага
форуму. У ім было задзейнічана 150 маладых людзей. Святы Айцец прывітаў маладых людзей
і выказаў сваё захапленне, што яны дэманструюць сваёй паставай, “што вера мацнейшая
за холад і дождж”. Папа прызнаўся, што бачыць ва ўдзельніках форума “прыгажосць маладога
аблічча Хрыста”. Францішак заклікаў да хвіліны маўчання і малітвы за загінуўшую ў
аварыі па дарозе ў Рыа Сафі Марынье – дзяўчыну з Французскай Гвіяны, і іншых ахвяр
гэтай аўтакатастрофы. Папа нагадаў, што першыя Сусветныя дні моладзі на міжнародным
узроўні прайшлі ў 1987 г. у сталіцы Аргентыны, у яго родным Буэнас-Айрэсе і заклікаў
да ўдзячнасці Бэнэдыкту XVI за яго рашэнне сёлета запрасіць маладых людзей сабрацца
ізноў у Лацінскай Амерыцы.
Францішак адзначыў, што для таго, каб жыццё чалавека
па-сапраўднаму мела сэнс і поўню, да яго трэба дадаць веру, надзею і любоў, якія паходзяць
ад Хрыста. “Што значыць напоўніць верай? Калі гатуеш добрую страву і бачыш што не
хапае солі, тады “дабаўляеш” гэту соль; калі не хапае алею – дабаўляеш алей. Так і
ў нашым жыцці: калі хочам, каб яно па-сапраўднаму мела сэнс і поўню, як вы жадаецце
і чаго заслугоўваеце, кажу кожнаму з вас: дадай веру, і тваё жыццё набудзе новы водар,
у жыцця з’явіцца компас, які ўкажа накірунак; дадай надзею, і кожны твой дзень будзе
асветлены, а твой гарызонт больш будзе не цёмным, а светлым; дадай любоў, і тваё жыццё
будзе як дом пабудаваны на скале, твой шлях будзе радасным, таму што сустрэнеш шмат
сяброў, якія будуць ісці разам з табой. Дадай веру, надзею і любоў!”, - заклікаў Папа.
Святы
Айцец адзначыў, што Езус Хрыстус гэта той, які нясе Бога і вядзе да Бога, з Ім жыццё
перамяняецца, абнаўляецца і мы можам глядзець на рэальнасць новымі вачыма, з пункту
гледжання Езуса. “Таму сёння, я кажу кожнаму з вас: дадай Хрыста да свайго жыцця і
знойдзеш сябра, якому можаш давяраць заўсёды; дадай Хрыста, і ўбачыш, як растуць крылы
надзеі, неабходныя, каб з радасцю прайсці шлях у будучыню, дадай Хрыста, і тваё жыццё
будзе напоўнена любоўю, будзе жыццём плённым, таму што ўсе мы жадаем плённага жыцця”,
- сказаў Папа.
Францішак адзначыў, што вера здзяйсняе ў жыцці чалавека “рэвалюцыю,
якую можна назваць каперніканскай” – яна вырывае з цэнтру нас і ставіць у цэнтр Бога.
Паводле Папы, калі вера ўваходзіць у сэрца чалавека, здаецца, што нічога не змяняецца,
але на самой справе чалавек змяняецца у глыбіні – у ім селіцца мір, пяшчотнасць, ласкавасць,
адвага, спакой і радасць, змяняюцца думкі і абнаўляюцца паступкі. “Вера – рэвалюцыйная.
Вы гатовыя увайсці ў гэту хвалю рэвалюцыі веры? Толькі калі увойдзеш, жыццё атрымае
сэнс і будзе плённым”, - сказаў Францішак моладзі, сабранай на ўзбярэжжы Копакабана.