2013-07-26 12:05:14

Пяты насычаны дзень папы Францішка на СДМ


RealAudioMP3 Сустрэча з маладымі вязьнямі і Крыжовы шлях на ўзбярэжжы Копакабана характарызуюць пятніцу 26 ліпеня, пяты дзень візіту папы Францішка ў Рыа-дэ-Жанейра. Таксама, Францішак паспавядае некалькі маладых людзей і паабедае з прадстаўнікамі дванаццаці краін. Сакрамэнт пакаяння адбудзецца ў парку “Кінта-да-Боа-Віста” у цэнтры Рыа, які раней належаў езуіцкаму ордэну. Ён ператворыцца на некалькі гадзін у адкрытую пляцоўку для споведзі. На газонах і пад дрэвамі сотні святароў будуць спавядаць удзельнікаў Сусветных дзён. Францішак падтрымаў традыцыю, якую заклалі яго папярэднікі, і на працягу гадзіны таксама правядзе ў канфесіянале.

Каля поўдня ў арцыбіскупскім палацы Папа сустрэнецца з пяццю маладымі вязнямі, пасля чаго з балкону штаб-кватэры арцыбіскупа памоліцца разам з вернікамі “Анёл Панскі”. Таксама сёння адбудзецца сустрэча Пантыфіка з арганізатарамі і спонсарамі Сусветных дзён моладзі.

У абедзе з папам Францішкам прымуць удзел дзяўчына і хлопец ад кожнага кантынента і двое маладых людзей з Бразіліі, як краіны, прымаючай сусветны форум.

Сённяшні вечар Святы Айцец правядзе разам з маладымі пілігрымамі на ўзбярэжжы Копакабана, дзе адбудзецца Крыжовы шлях. Разважанні 14 стацый аўтары прысвяцілі праблемам і пакутам сучаснай моладзі. У пастаноўцы будзе задзейнічана 280 прафесійных і непрафесійных акцёраў з многіх краін свету.







All the contents on this site are copyrighted ©.