2013-07-24 16:40:55

Папа ў Апарэсідзе: зварот да ідалаў – вынік пачуцця адзіноты і пустаты


RealAudioMP3 Святы Айцец, у рамках свайго візіту ў Бразілію, наведаў 24 ліпеня марыйны санктуарый у Апарэсідзе. Як ён сам заўважыў, гэта месца мае для яго важнае значэнне, паколькі менавіта тут нарадзіўся “Дакумент з Апарэсіды”, які “паўстаў са спляцення сустрэчы біскупаў і простай веры пілігрымаў, пад матчынай апекай Марыі”. Пантыфік узначаліў у санктуарыі св. Імшу, падчас якой нагадаў, што мэтай яго прыбыцця ў Бразілію з’яўляюцца Сусветныя дні моладзі. Папа, як прызнаўся ён сам, прыбыў таксама, “каб пастукаць у дзверы дома Марыі – якая любіла і выхоўвала Езуса – просячы, каб дапамагала нам усім: пастырам Божага Люду, бацькам і настаўнікам, у перадачы нашай моладзі тых каштоўнасцяў, якія зробяць яе стваральнікамі народу і свету больш справядлівага, салідарнага і братэрскага”. Францішак засяродзіўся на “трох простых паставах”, якія павінен культываваць сучасны хрысціянін: захаванні надзеі, дазволе Богу здзіўляць і радасці жыцця.

Папа не хаваў, што “існуе шмат цяжкасцяў у жыцці кожнага з нас, нашых людзей, нашых супольнасцяў”. Але якімі б вялікімі яны ні здаваліся, Бог ніколі не дазваляе, каб гэтыя цяжкасці нас знішчылі, заўважыў ён. “Што тычыцца расчаравання, якое можа адбыцца ў жыцці тых, хто ўдзельнічае ў евангелізацыі або хто спрабуе жыць паводле веры, як бацька і маці сямейства, я хацеў бы рашуча сказаць: няхай у вашым сэрцы будзе ўпэўненасць, што Бог ідзе з вамі, ніколі вас не пакідае! Не губляйце надзеі!”, - заклікаў Францішак. Папа прызнаў, што “зло існуе ў нашай гісторыі”, але не яно самае моцнае. “Самым моцным з’яўляецца Бог, і Бог ёсць наша надзея!”, - падкрэсліў ён. Святы Айцец з жалем адзначыў, што сёння “моладзь часта зачараваная шматлікімі ідаламі, якія занялі месца Бога і, здаецца, даюць надзею: грошы, поспех, уладу, задавальненне”. Але на самой справе гэта з’ява – вынік “пачуцця адзіноты і пустаты”, якія пранізваюць сэрцы многіх людзей і прыводзяць да пошуку кампенсацыі ў выглядзе такіх ідалаў.

Папа заўважыў, што Бог дзейнічае і здзіўляе нас, “нават ва ўмовах цяжкасцяў”. Прыкладам можа служыць гісторыя санктуарыя ў Апарэсідзе: тры рыбакі пасля бясплённага дня, калі нічога не злавілі ў водах Парнаібы, знайшлі нешта зусім нечаканае: статую Маці Божай Беззаганна Зачатай. “Бог па-ранейшаму здзіўляе, як новае віно ў Евангеллі”, - падкрэсліў Францішак і дадаў, што “Бог захоўвае для нас заўсёды найлепшае” і хоча, каб мы дазволілі Яго любові здзіўляць нас, прымалі нечаканасці з Яго боку. Папа заклікаў “давяраць Богу”.

“Хрысціянін – радасны, ніколі не сумны”, - падкрэсліў Святы Айцец падчас сваёй гаміліі, і матыў гэтага – пачуццё пастаяннай прысутнасці Бога, адчуванне Яго любові. “Хрысціянін не можа быць песімістам!”, - сказаў Папа, ён не можа выглядаць “як чалавек, які, здаецца, знаходзіцца пастаянна ў жалобе”. “Калі мы сапраўды закаханыя ў Хрыста і адчуваем, як вельмі Ён нас любіць, наша сэрца “запаліцца” настолькі вялікай радасцю, што яна перадасца тым, якія жывуць побач з намі”, - сказаў з упэўненасцю папа Францішак.

24 ліпеня вечарам, пасля свайго вяртання з Апарэсіды, Святы Айцец наведае шпіталь імя св. Францішка Асізскага, які спецыялізуецца на лячэнні пыцыентаў з рознымі відамі залежнасці, перш за ўсё, алкагольнай і наркатычнай. Папа адкрые новае аддзяленне, у якім будуць праходзіць лячэнне маладыя нарказалежныя пацыенты.







All the contents on this site are copyrighted ©.