2013-07-24 10:55:22

Кс. Ламбардзі: Папа сачыў за адкрыццём СДМ па тэлевізары


RealAudioMP3 Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы пацвердзіў, што на адкрыцці Сусветных дзён моладзі прысутнічалі паўмільёна маладых людзей. Кс. Ламбардзі адзначыў іх энтузіязм нягледзячы на вецер і дождж. Папа Францішак меў магчымасць сачыць за ўсім, што адбывалася на ўзбярэжжы Копакабана па тэлевізары і быў уражаны паставай маладых людзей, паведаміў прадстаўнік Святога Пасаду. Сваю гамілію падчас прыватнай св. Імшы 24 ліпеня ў капліцы дыяцэзіяльнага адукацыйнага цэнтра Пантыфік прысвяціў менавіта адкрыццю Сусветных дзён моладзі. Святар паведаміў, што сёння раніцай Пантыфік правёў размовы з некаторымі асобамі са свайго акружэння.

Кс. Ламбардзі паінфармаваў, што ў рэзідэнцыі “Sumaré” адбылася “важная сустрэча паміж ватыканскімі службамі бяспекі і бразільскай паліцыяй, у якой прымаў удзел прадстаўнік Сакратарыята Прэзідэнта Бразіліі і Міністр юстыцыі. Размова ішла аб рэалізацыі пажадання Папы мець прамы кантакт з людзьмі.

Прадстаўнік Святога Пасаду паведаміў аб некаторых зменах праграмы візіту Святога Айца ў Бразілію. З-за дрэннага надвор’я Пантыфік накіруецца ў марыйны санктуарый у Апарэсідзе 24 ліпеня спачатку на самалёце, а затым выкарыстае верталёт. Пасля вяртання ў Рыа Папа паедзе закрытым аўтамабілем у бальніцу імя св. Францішка Асізскага і не будзе выкарыстоўваць “папамабіля”, як было запланавана раней. Да праграмы прабывання Папы ў Бразіліі была дададзена яшчэ адна сустрэча. 25 ліпеня пасля вяртання з мікрараёну Варжынья, дзе размешчаны фавэлы, Святы Айцец сустрэнецца ў архікатэдры Рыа-дэ-Жанейра з бразільскай моладдзю.

Кс. Ламбардзі пацвердзіў, што на заключнай св. Імшы Сусветных дзён моладзі 28 ліпеня будуць прысутнічаць прэзідэнты Аргентыны, Балівіі і Сурынама, а таксама два віцэ-прэзідэнты, Уругвая і Панамы.







All the contents on this site are copyrighted ©.