2013-07-24 12:49:26

Знакавы візіт папы Францішка ў Апарэсіду


RealAudioMP3 Візіт Францішка ў Апарэсіду 24 ліпеня мае вялікае значэнне, паколькі кардынал Хорхе Марыа Берголіа, цяперашні Папа, у свой час, як арцыбіскуп Буэнас-Айрэса, адыграў важную ролю ў стварэнні так званага “Дакументу з Апарэсіды”. Менавіта ў 2007 годзе, пасля візіту Бэнэдыкта XVI, кардынал Берголіа ўзначаліў камітэт па распрацоўцы выніковага дакумента 5-й Генеральнай Асамблеі Біскупаў Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Амаль 300-старонкавы Дакумент да сённяшняга дня з’яўляецца асноватворным для душпастырства ў Лацінскай Амерыцы.

У “Дакуменце з Апарэсіды” можна знайсці нямала рыс, характэрных для пантыфікату Францішка: акцэнт на місіянерства Касцёла і ўсяго Божага Люду, магутны заклік да евангельскага шляху да сапраўднай жыцця, але ў той жа час суцяшальную радасць евангелізацыі. Ужо тады будучы Пантыфік звяртаўся да такіх выразаў, як “перыферыі жыцця”, якія неабходна евангелізаваць, паколькі Дух Езуса Хрыста вее больш за ўсё менавіта там, дзе пануе смутак, забыццё Бога, несправядлівасць і адзінота. У Дакуменце гаворыцца пра патрэбу Касцёла для бедных, кладзецца акцэнт на ролю жанчыны ў Касцёле і грамадстве, звяртаецца ўвага на неабходнасць абароны навакольнага асяроддзя.

У “Дакуменце з Апарэсіды” робяцца канкрэтныя душпастырскія прапановы, у якіх увага надаецца кожнаму асобнаму хрысціяніну. Кожны вернік адказны за Касцёл і павінен жыць верай і несці яе ў свет. Яго вера і ўчынкі павінны супадаць. У Дакуменце гучыць заклік да “вялікай кантынентальнай місіі” у Лацінскай Амерыцы.

Глыбокае шанаванне Багародзіцы з Апарэсіды штогод збірае ў санктуарыі, размешчаным у штаце Сан-Паўлу, каля 8 млн. пілігрымаў, якія давяраюць ёй свае смуткі і цяжкасці. Невялікая статуя “чорнай Панны” цесна звязана з пакутамі народа, задушанага і “разбітага” рабствам, як была разбіта статуя, знойдзеная ў 1717 г. рыбакамі ў водах ракі Параіба. У сваіх сетках яны спачатку ўбачылі гліняны корпус статуі, а затым галаву – чорную, як колер скуры рабоў. Маці Божая з Апарэсіды застаецца знакам надзеі для Бразіліі. Да папы Францішка святыню ўшанавалі: у 1980 г. – Ян Павел II, і ў 2007 – Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.