Папа ў Рыа: паездка на малалітражцы і сустрэча з натоўпам
Першая замежная пілігрымка
Папы на Сусветныя дні моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра пачалася з падзеі, якая стала сапраўдным
выклікам для службы бяспекі. Падчас падарожжа Францішка па горадзе ў невялікім малалітражным
аўтамабілі, натоўп вернікаў акружыў машыну. Сярэбраны “Fiat Idea” затрымаўся. На вуліцы
не былі пастаўлены звычаныя металічныя ахоўныя бар’еры, бо тут не прадугледжвалася
затрымання аўто з Пантыфікам. Францішак быў толькі ў суправаджэнні некалькіх ахоўнікаў
і трох аўтамабіляў бразільскай паліцыі. Сакратар Святога Айца глядзеў на гэта ўсё
з трывогай, але Папа пачаў вітаць народ, паведаміў пасля кіраўнік Залы Друку кс. Фэдэрыка
Ламбардзі. Святар адзначыў “унікальны досвед” і “вялікі энтузіязм” народа. Толькі
за некалькі кіламетраў да Губернатарскага палацу, дзе была запланавана павітальная
цырымонія, Пантыфік пагадзіўся з довадамі сіл бяспекі і сеў у верталёт, выкліканы
спецыяльна, каб дабрацца да ўрадавай рэзідэнцыі. Не гледзячы на ўсё гэта, сітуацыя
з бяспекай не выходзіла з-пад кантролю, заявіў кс. Ламбардзі.
Паводле прадстаўніка
Святога Пасаду, Папа быў “вельмі задаволены” прыёмам у Рыа. Праграму нязначна змяніў
толькі гэты кароткі пералёт Пантыфіка верталётам, які быў здзейнены па патрабаванні
бразільскіх уладаў, паколькі ўезд у Губернатарскі палац быў заблакаваны вялікім натоўпам
народу, патлумачыў кіраўнік Залы Друку.
Кс. Ламбардзі выказаўся і адносна выбуховай
прылады, якая была знойдзена ў панядзелак у Апарэсідзе, куды Папа накіруецца 24 ліпеня.
Гэты інцыдэнт не мае нічога супольнага з запланаваным падарожжам Францішка, заявіў
прадстаўнік Святога Пасаду, спасылаючыся на бразільскую паліцыю, і не паўплывае на
візіт Папы, бо не выклікае “ніякіх прычын для турботы”, таксама з боку Францішка.
У
адрозненне ад Бэнэдыкта XVI і Яна Паўла II, Францішак адмовіўся ад прэс-канферэнцыі
падчас палёту з Рыма ў Рыа. Адбылася толькі яго кароткая сустрэча з журналістамі.
Аўторак
23 ліпеня заяўлены як дзень адпачынку Пантыфіка пасля доўгага 12-гадзіннага пералёту.
Сёння не прадугледжаны ніякія адкрытыя падзеі з яго ўдзелам. Урачыстасці адкрыцця
Сусветных дзён моладзі традыцыйна пройдуць у другой палове дня без Святога Айца.