2013-07-23 13:58:22

Пантыфік да журналістаў: “культура сустрэчы” замест “культуры адходаў”


RealAudioMP3 “Знайсці маладых людзей”, - гэта галоўная мэта падарожжа Папы на сусветныя дні моладзі, як заявіў ён сам падчас сустрэчы з журналістамі на борце самалёта 22 ліпеня. Святы Айцец хацеў бы ўбачыць юнакоў і дзяўчат “не ізаляванымі ў сваім уласным жыцці”, але інтэграванымі ў сацыяльную структуру грамадства. Моладзь, нагадаў Пантыфік, гэта частка грамадства і мае такія ж правы, як і ўсе іншыя яго члены. Ён заклікаў не ізаляваць маладых людзей ад грамадства і не выключаць з яго жыцця, бо “за імі будучыня, у іх ёсць сілы, яны маладыя, яны пойдуць наперад”.

З другога боку, Францішак папрасіў не забывацца аб сувязі пакаленняў, аб клопаце пра пажылых людзей. Ён назваў старэйшае пакаленне “будучыняй народу”. “Народ мае будучыню, калі ідзе наперад, абапіраючыся на абодва стаўпы: моладзь, з яе сілай, яе імкненнем наперад, і пажылых людзей, таму што яны тыя, хто дае мудрасць жыцця”, - падкрэсліў Папа. Ён заўважыў, што ў свеце дзеецца несправядлівасць, калі пажылых людзей пакідаюць у баку як непатрэбных, у той час як у іх “мудрасць жыцця, мудрасць гісторыі, мудрасць Радзімы, мудрасць сям’і”. Таму, на думку Папы, маладыя людзі павінны быць інтэграваны ў сацыяльную структуру разам з пажылымі.

Францішка вельмі непакоіць працэнт беспрацоўя сярод моладзі. Сёння свет рызыкуе атрымаць пакаленне, якое не працавала. Гэта драматычна, бо менавіта з працы вынікае годнасць чалавека, які мае магчымасць зарабляць сабе на хлеб. Гэтага сёння часта пазбаўлена моладзь. Такі падыход, на думку Святога Айца, гэта вынік дзеяння “культуры адходаў”, калі чалавека адчужаюць за непатрэбнасцю. Францішак заклікаў адмовіцца ад такога падыходу і развіваць “культуру інтэграцыі” і “культуру сустрэчы”. Менавіта гэта, па словах Папы, ён хоча прапанаваць падчас свайго візіту маладым людзям.







All the contents on this site are copyrighted ©.