2013-07-22 12:38:47

Сусветная Рада Цэркваў: усе павінны мець свабодны доступ да пітной вады


RealAudioMP3 “Забяспечыць свабодны доступ да пітной вады і санітарных паслуг усім, таксама бедным і маргіналізаваным”, - з такім заклікам звярнулася Сусветная Рада Цэркваў да кіраўнікоў дзяржаў і міжнародных арганізацый. У Берліне праходзіць форум па гэтым пытанні. У ім прымаюць удзел тэолагі, святары, навукоўцы - эксперты па гэтым пытанні. У сваім спецыяльным паведамленні яны адзначылі, што вада з’яўляецца асноўным элементам у жыцці кожнага стварэння. “Сёння каля 800 млн. асоб не маюць свабоднага доступу да пітной вады і кожны дзень каля 4 тыс. дзяцей памірае ва ўсім свеце ад хвароб, якія звязаны з пітной вадой”, - паведамілі ўдзельнікі форума ў Берліне

“Вада становіцца адной з цэнтральных тэм нават для ўдзелу у духоўным жыцці таму, што гэта асновапалягаючы рэсурс для ўсяго жывога. Забеспячэнне вадой ўсіх людзей патрабуе адказных дзеянняў, неабходна захаваць яе і справядліва размеркаваць яе для ўсіх стварэнняў”, - звярнулі ўвагу ўдзельнікі берлінскага мерапрыемства. Яны адзначылі, што недахоп пітной вады і санітарных паслуг выклікае сёння моцныя наступствы. Ва ўсім свеце каля 3 млн. чалавек штогоду памірае з-за адсутнасці доступу да водных рэсурсаў.

У выніковым дакуменце яны падкрэслілі, што вада - гэта грамадскае дабро і права свабоднага доступу да яе не можа быць злоўжываным. “Прысваенне водных рэсурсаў прыватнымі групамі, якія не бяруць пад увагу патрэб сённяшняга і будучых пакаленняў, становіцца непрымальным з пункту гледжання правоў чалавека”, - адзначыла Сусветная Рада Цэркваў.

Наступная сустрэча па гэтым пытанні пройдзе восенню гэтага года ў Пусан, у Паўднёвай Карэі.

Ян Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.