2013-07-21 10:21:55

Ватыканскі іерарх: Францішак сустрэнецца з духавенствам Рымскай дыяцэзіі


RealAudioMP3 Кардынал Агасціна Валіні, папскі Вікарый для Рымскай дыяцэзіі, паведаміў, што 16 верасня 2013 г. папа Францішак сустрэнецца з духавенствам сваёй дыяцэзіі. Сустрэча адбудзецца ў базыліцы св. Яна на Латэране. “Гэта будзе першае буйное мерапрыемства на пачатку новага пастырскага года, важнай падзеяй на шляху ўсяго Рымскага Касцёла”, - напісаў іерарх да святароў і дыяканаў на сайце сваёй дыяцэзіі. Паводле кардынала Валіні, Святы Айцец з моманту абрання на Пасад св. Пятра заўсёды выказваў сваю асаблівую блізкасць да Касцёла Рыма, якому з’яўляецца Біскупам.

Пурпурат нагадаў, што сёлета Францішак 17 чэрвеня адкрыў у зале Паўла VI у Ватыкане працы Кангрэсу рымскай дыяцэзіі, прысвечанага тэме хрысціянскага сведчання. “Сустрэча Пантыфіка ў верасні з духавенствам сваёй дыяцэзіі будзе першай”- паясніў найбліжэйшы супрацоўнік Папы. Ён дадаў, што падчас яе Святы Айцец падтрымае іх у веры і ў служэнні. “Каб добра падрыхтавацца да гэтай сустрэчы, Папа папрасіў мяне выслаць тэкст Яго разважанняў, якія ён сказаў да святароў архідыяцэзіі Буэнас-Айрэса ў 2008 годзе, пасля Канферэнцыі лацінаамерыканскіх біскупаў у Апарэсідзе”, паведаміў кардынал Валіні.

Ян Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.