2013-07-20 10:59:16

Бразільскі іерарх: краіна з нецярплівасцю чакае візіту Папы


RealAudioMP3 Бразілія жыве чаканнем візіту Францшка; цікавасць у першую чаргу звязана з тым, што гэта першы Папа з Лацінскай Амерыкі, а таксама першы, які прыняў сімвалічнае імя Францішак, так дарагое для веруючых і няверуючых, сказаў у інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” кардынал Раймунду Дамасэну Ассіс. Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Бразіліі падкрэсліў, што ўсмешка і прастата Святога Айца, яго блізкасць да бедных і памяць пра іх паспрыялі таму, што Пантыфік стаў пастырам, поўным энтузіязму і любові да сваіх авечак. “Яго словы, простыя і непасрэдныя, напоўненыя вялікім душпастырскім клопатам, глыбока пранікаюць ў сэрцы асоб, яны прызнаюць іх, таму што тычацца іх штодзённага жыцця”, - сказаў іерарх. Паводле яго, свабода, з якой Папа прамаўляе іх, нічога не адбіраючы з іх яснасці, глыбіні і сілы, дае Касцёлу новую энергію і спрыяе абнаўленню веры. У Рыа-дэ-Жанейра, падкрэсліў кардынал, моладзь з усяго свету будзе мець магчымасць яшчэ больш наблізіцца да Францішка, каб зачэрпнуць з духоўнасці, якая зыходзіць з яго жэстаў і слоў.

Арцыбіскуп Апарэсіды лічыць, што візіт Святога Айца ў яго краіну, безумоўна, паспрыяе новаму размаху евангелізацыі сярод моладзі, якая знаходзіцца ў цэнтры ўвагі Касцёла ў Бразіліі ў апошнія гады. “Хаця ёсць шмат актыўных маладых людзей ў нашых каталіцкіх супольнасцях, аднак турбуе і тое, чаму некаторыя з іх адышлі ад Касцёла”, - адзначыў пурпурат і дадаў, што іх адыход не значыць, што яны перасталі верыць у Бога. Вера ўсё яшчэ жывая ў іх сэрцах, але яны больш не адчуваюць патрэбы пасрэдніцтва Касцёла, каб жыць ёю і даваць сваё сведчанне. “У абліччы сітуацыі цярпення, ў якім апынуліся шматлікія жыхары краіны, моладзь не заразілася культурай дабрабыту, якая вядзе да абыякавасці да бліжняга, аб чым узгадаў Папа падчас нядаўняга візіту на італьянскую Лампедузу”, - запэўніў кардынал Раймунду Дамасэну Ассіс.

Ян Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.