2013-07-19 10:33:36

Кардынал: сёння каштоўнасці сталі адноснымі, а правы важнейшымі, чым абавязкі


RealAudioMP3 Узброіцца сумленнасцю, велікадушнасцю і спачуваннем заклікаў старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax” удзельнікаў Сусветнага кангрэсу каталіцкіх універсітэтаў, які 18 ліпеня пачаўся ў бразільскім Бэлу-Арызонці. Тры дні дыскусій, семінараў, міні-курсаў, лекцый, круглых сталоў і культурных мерапрыемстваў чакаюць удзельнікаў форуму. Ён прымеркаваны да Сусветных дзён моладзі, якія 22 ліпеня пачынаюцца ў Рыа-дэ-Жанейра.

Кардынал Тарксан адзначыў, што сёння спецыялісты сутыкаюцца з жорсткай канкурэнцыяй ва ўсіх сферах. Ступень выпускніка ўніверсітэту ўжо не з’яўляецца гарантыяй поспеху. Але з другога боку, заўважыў іерарх, “логіка рынку”, з яго канкурэнцыяй, эфектыўнасцю і рэнтабельнасцю, не дастатковая сама па сабе, каб спрыяць развіццю людзей у сферы працы – патрэбна “логіка дару”, якая можа змяніць аблічча ўсяго рынку. Кардынал патлумачыў, што размова ідзе пра прызнанне, што наша жыццё і ўвесь свет – гэта дары Бога. Небяспека для бізнесменаў і ўвогуле для ўсіх адукаваных людзей у тым, што занадта часта мы прымаем Божыя дары, як нашы ўласныя асабістыя рэчы, а не ў якасці ўскладзенай місіі, нагадаў кардынал удзельнікам сустрэчы, арганізаванай Асацыяцыяй хрысціянскіх кіраўнікоў кампаній.

Тавары або рэсурсы свету маюць універсальнае прызначэнне, стварэнне з’яўляецца падарункам для ўсяго чалавецтва, а не толькі яго часткі, падкрэсліў ватыканскі іерарх. Хрысціянін пакліканы дзейнічаць у духу салідарнасці з тымі, хто не мае доступу да гэтых тавараў і паслуг – з вялікай часткай чалавецтва, на розных перыферыях, якое пакутуе ў “разгар багацця”. Гэтыя выклікі патрабуюць больш справядлівых і гуманных структур, палажэнняў, палітыкі і практыкі, і яны патрабуюць ад прафесіяналаў цноты – тых прынцыпаў, якія робяць працу, сябе і свет лепшымі, заўважыў кардынал Тарксан.

Праблемы і магчымасці ў прафесійным свеце, паводле старшыні Папскай рады, “ускладняюцца фактарамі дабра і зла”. Трыма асноўнымі “знакамі часу” з’яўляюцца глабалізацыя, камунікацыйныя тэхналогіі і культурныя змены – істотныя пытанні, якія стаяць перад спецыялістамі і лідэрамі ў кожнай вобласці.

Сёння бізнес-лідэры ўсё больш арыентуюцца на максімізацыю багацця, іх супрацоўнікі – на развіццё адносін права, а спажыўцы патрабуюць імгненнага задавальнення за мінімальна магчымы кошт. Каштоўнасці сталі адноснымі, а правы важнейшымі, чым абавязкі, мэта служэння агульнаму дабру згубілася. Так бачыць сучасную сітуацыю ватыканскі ерарх.

Кардынал Тарксан заўважыў, што нашы дзеянні ніколі не бываюць абыякавымі перад Богам. Яны таксама не абыякавыя для гісторыі. Ён заклікаў удзельнікаў Сусветнага кангрэсу каталіцкіх універсітэтаў праз сваю дзейнасць змяняць свет, вызваляючы людзей ад бедстваў прагнасці, насілля і хаосу, ведучы іх па шляху да сапраўднай грамадзянскай дэмакратыі: павагі да правоў чалавека, празрыстасці кіравання, незалежнай судовай сістэмы, свабоднай прэсы, належнага ўзроўню адукацыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.